88-гадовы Папа Францішак сустракае 2025-ы з маштабнай праграмай: Юбілейны год, рэалізацыя сінадальных рашэнняў і магчымая паездка ў Турцыю. Гэта будзе адзін з самых насычаных перыядаў яго пантыфікату.
У той час як большасць людзей яго ўзросту ўжо больш за 20 гадоў знаходзяцца на пенсіі, Папа рыхтуецца да інтэнсіўнага года служэння. Юбілейны год пачаўся з урачыстага адкрыцця Святой Брамы ў ватыканскай базіліцы ў Вігілію Божага Нараджэння і працягнецца да 6 студзеня 2026 года.
Касцёл адкрыты для ўсіх
«Юбілей – гэта час сустрэчы для ўсіх без выключэння», — падкрэслівае Папа Францішак, які плануе, акрамя агульных аўдыенцый па серадах, кожныя два тыдні адкрываць вялікую залу для аўдыенцый у Ватыкане і прымаць гасцей. Гэта павінны быць сустрэчы для «усіх, усіх, усіх» – менавіта так Святы Айцец рэгулярна апісвае адкрытасць дзвярэй сваёй рэзідэнцыі. У дадзеным выпадку гэта азначае, што ўдзельнікам не патрэбны квіткі – хто першы прыйдзе, той і трапіць на сустрэчу.
Юбілейная праграма прадугледжвае шэраг спецыяльных падзей для розных прафесійных і грамадскіх груп. Асаблівае месца ў календары займае кананізацыя Карла Акуціса, вядомага як Кібер-Апостал, запланаваная на 27 красавіка 2025 года. Летам пройдзе Юбілей маладых, які стане своеасаблівым працягам традыцыі Сусветных дзён моладзі.
Час гістарычных падзей
У сёлетнім папскім календары няма шмат месца для буйных замежных падарожжаў. Аднак Папа Францішак хоча зрабіць выключэнне для адной важнай гадавіны. У 2025 годзе спаўняецца 1700 гадоў з часу правядзення Нікейскага Сабора. У 325 годзе на першым важным сходзе ў гісторыі Касцёла было сфармуліравана галоўнае хрысціянскае Credo. Праваслаўныя, католікі і іншыя веравызнанні жадаюць разам адсвяткаваць 1700-ю гадавіну – у тым ліку ў сярэдзіне года ў былым месцы сустрэчы ў Ізніку ў Турцыі.
Пакуль што іншых планаў падарожжаў няма. Папа па-ранейшаму не плануе наведаць сваю Радзіму, Аргенціну, нават нягледзячы на тое, што мясцовыя біскупы гэтага чакаюць і працягваюць спадзявацца на такі візіт.
Здароўе не павінна перашкодзіць планам
Нягледзячы на тое, што бліжэйшыя месяцы будуць для Пантыфіка інтэнсіўнымі, з пункту гледжання здароўя нішто не павінна абмяжоўваць яго ў рэалізацыі вызначанай праграмы. Пасля барацьбы з інфекцыяй дыхальных шляхоў у пачатку 2024 года, Папа Францішак у значнай ступені аднавіў сілы ў другой палове года і здзейсніў два працяглыя замежныя падарожжы – у тым ліку самае доўгае за час свайго пантыфікату – у Паўднёва-Усходнюю Азію і Акіянію.
Рэформы працягваюцца
Святы Айцец надае асаблівую ўвагу рэалізацыі рашэнняў Сінода Біскупаў. Дзесяць рабочых груп, у тым ліку па пытанні ролі жанчын у Касцёле, павінны прадставіць свае вынікі на працягу года. Асаблівую цікавасць выклікае праца групы па вывучэнні магчымасці дыяканскіх пасвячэнняў для жанчын.
Акрамя таго, у Папы дастаткова спраў і ў сваёй невялікай дзяржаве. Адсутнасць фінансавай раўнавагі, звязаныя з гэтым тэрміновыя скарачэнні выдаткаў і выкліканае гэтым незадавальненне сярод супрацоўнікаў, верагодна, працягнуць заставацца адным з асноўных выклікаў.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
