Юбілейная школа міністрантаў у Верхнядзвінску

Юбілейная пятая школа міністрантаў прайшла ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску напрыканцы лета. Традыцыйна тры дні хлопцы мелі магчымасць аднавіць і ўзбагаціць свае веды ў тэорыі і практыцы літургікі, супольна памаліцца падчас святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта, а таксама пабавіць час, гуляючы ў настольны тэніс, футбол і «Каркассон».

Асаблівасцю сёлетняй сустрэчы стаў курс цесляра, на якім хлопцы самастойна рабілі ружанцы. Спачатку выточвалі драўляныя пацеркі на станку, потым выпільвалі электралобзікам крыжыкі, а пасля шліфоўкі звязвалі ўсе дэталі ў паўнавартасную «таямнічку». Гатовыя ружанцы адразу ж былі выкарыстаны на малітве падчас адарацыі. Праца з дрэвам уласнымі рукамі дае магчымасць развіваць творчыя здольнасці і набываць навыкі, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

Трэці дзень школы служыцеляў алтара стаў незвычайным, бо разам з пробашчам Верхнядзвінскай парафіі кс. Аляксандрам Грыцкевічам хлопцы адправіліся ў Ветрына на ўрачыстасць 20-годдзя заснавання парафіі бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча. Там міністранты змаглі прымяніць усе атрыманыя веды па літургіцы і служыць каля алтара біскупу Алегу Буткевічу, «аздабляючы» гармоніяй і парадкам святую Імшу.

Фота Марыны Сінкевіч

Імкліва ляціць час. Праглядаючы фотаздымкі ад самай першай школы міністрантаў у 2017 і да сёлетняй, 2021 года, лёгка заўважыць, як хутка растуць нашы парафіяльныя дзеці. Як сталеюць, набываюць веды і ўмацоўваюцца ў веры. Няхай жа Найсвяцейшая Панна Марыя і надалей вядзе іх шляхам любові да Бога і да Касцёла, а мы будзем маліцца, каб яны знайшлі дарогу свайго жыццёвага паклікання.

кс. Аляксандр Грыцкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі