Ветрына – гарадскі пасёлак у Полацкім раёне. Парафія пад тытулам Бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча была зарэгістраваная 21 чэрвеня 2001 года.
На першай Імшы было толькі сем чалавек. Першым пробашчам, які служыў тут да жніўня 2002 года быў кс. Вячаслаў Барок, на плечы якога лягла арганізацыя парафіі. Гэтую справу працягнуў ксёндз Міхал Станчук з Седлецкай дыяцэзіі (Польшча), які быў пробашчам парафіі ў 2002-2004 гг. Дзякуючы яму ў парафіі з’явілася капліца, пераробленая з былой мясцовай кнігарні. 11 ліпеня 2004 года святыню ўрачыста кансэкраваў біскуп Збігнеў Кернікоўскі з Седліцаў.
Затым пробашчам і адміністратарамі былі: кс. Францішак Кісель (2003-2004) з вікарыем кс. Леанідам Мозгелем, кс. Віктар Місевіч (2005-2007), кс. Валянцін Нарадоўскі, з 2014 года — кс. Дзмітрый Рацько.
28 жніўня 2021 года парафія Бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча шчыра вітала гасцей і мясцовых вернікаў на сваёй парафіяльнай урачыстасці – 20 год, як была зарэгістравана парафія. На свята прыбылі і ганаровыя госці: біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, першыя і папярэднія пробашчы – кс. пралат Францішак Кісель і кс. канонік Віктар Місевіч, прадстаўнік грэка-каталіцкай царквы а. Аляксандр Шаўцоў. Таксама разам маліліся святары з суседніх парафій.
На заканчэнне ўрачыстасці словы падзякі скіраваў кс. Дзмітрый да ўсіх прысутных за магчымасць урачыстай супольнай малітвы. Капліца, якая кожную нядзелю бачыць каля 20 вернікаў, на гэты раз была цалкам перапоўнена. Пасля Імшы на вуліцы перад святыняй адбылося асвячэнне крыжа.
Ветрынская парафія хоць невялікая, але вельмі дружная. Яна з радасцю чакала гасцей і не пакінула нікога без слодычаў, як звычайна бывае на свяце.
За час свайго існавання парафія вырасла, а сам будынак касцёла і прыгожы, з густам спланаваны касцёльны пляц, з’яўляюцца самым прывабным месцам у гарпасёлку.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа