Яшчэ два святары затрыманы ў Віцебску (абноўлена)

У другой палове дня 8 снежня ў Віцебску былі затрыманыя айцец Віктар Жук, езуіт, пробашч мясцовай парафіі святога Уладзіслава, а таксама айцец Аляксей Варанко, вікарый грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага, паведамляе catholic.by.

Святары былі затрыманыя і дастаўленыя ў Першамайскі РАУС г. Віцебска, дзе будуць знаходзіцца да суду, прызначанага на 9 снежня.

Як паведамілі родныя аднаго з затрыманых святароў, суд будзе праходзіць па скайпе. Яны таксама распавялі, што айца Віктара і айца Аляксея абвінавfчваюць па артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Айцец Віктар Жук SJ належыць да Таварыства Езуса (ордэна езуітаў) — таксама, як і Папа Францішак. Святар з’яўляецца аўтарам нядзельных казанняў, якія публікуюцца на партале Catholic.by.

Родныя і блізкія затрыманых просяць падтрымаць іх малітваю ў цяжкім выпрабаванні.

9 снежня святары былі вызвалены з-пад варты да суду. Распачатая справа супраць іх па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях знаходзіцца на дапрацоўцы.

 

для друку для друку