Як пераадолець цяжкасці ў малітве?

У кожнага чалавека свая малітва, у залежнасці ад ступені духоўнага развіцця. Аднак агульнымі рысамі, незалежна ад вопыту малітвы, з’яўляюцца цяжкасць і безуважлівасць.

Будзьце настойлівымі ў малітве

Малітва — справа нялёгкая, асабліва на пачатку, калі вы яшчэ не прызвычаіліся маліцца. Але на кожным этапе ёсць свае цяжкасці. Яны заключаюцца ў безуважлівасці; у тым, што сэрца наша часта бывае млявым; што нам цяжка маліцца ці знаходзіць час. Важна не зацыклівацца на гэтых цяжкасцях, не засяроджвацца на іх, а нягледзячы ні на што вярнуцца да малітвы, пачаць маліцца. Варта засяродзіцца не на цяжкасцях, а на прыгажосці малітвы, якую мы адкрываем. Чым больш мы молімся, тым больш адкрываем каштоўнасць малітвы. І, вядома ж, варта чытаць розную дапаможную літаратуру пра малітву.

Будзе добра належыць да малітоўнай групы або мець духоўнага спадарожніка, з якім можна падзяліцца сваімі цяжкасцямі, а таксама ласкамі, атрыманымі ў малітве.

Важна памятаць, што лепшы спосаб навучыцца маліцца — гэта… маліцца. Не варта шукаць у малітве лёгкіх спосабаў, палёгкі ці эмацыйнага задавальнення. Перш за ўсё, трэба маліцца. Гэта своеасаблівы выраз нашай любові. Як і любоў да іншага чалавека, любоў, нават самая вялікая, мае свае цяжкасці, але важна вытрываць на гэтым шляху любові. Чым больш мы молімся, тым больш малітва можа нам даць.

Малітва ў пакутах

Мы ўсё больш адкрываем багацце малітвы. Усё часцей мы знаходзім Бога ў вялікіх цяжкасцях. Пакута — адна з самых незразумелых, неспасціжных з’яў. Тады маліцца цяжэй за ўсё. Але менавіта ў такія моманты малітва мае найбольшую каштоўнасць. Бог застаецца для нас адзінай апорай, бо не можам нідзе знайсці паратунку і дапамогі. Калі дзіця бездапаможнае, яно глядзіць на бацьку і на маці.

І каб мы так змаглі, трэба пра гэта клапаціцца. Нават калі нялёгка — старацца ў такія моманты не сумнявацца. І нават калі — як сказаў Езус на крыжы: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» — мы адчуваем сябе пакінутымі, то, магчыма, менавіта тады Бог бліжэй за ўсё да нас і хоча, каб мы пра гэта памяталі!

Варта выбраць сабе якога-небудзь святога. Чытайце і вывучайце яго (ці яе) меркаванне і духоўны досвед.

Безумоўна, для нас самым важным з’яўляецца чытанне Святога Пісання. Аднак не шукайце лёгкіх шляхоў як маліцца, а самааддана засяроджвайцеся і чытайце. Тады вы знойдзеце там найлепшую крыніцу для паглыблення вашых адносін з Богам у малітве.

Па матэрыялах niedziela.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку