Вітаю ўсіх мам у нашай рубрыцы ”Мама маме”. Восень прыносіць з сабой рознакаляровае лісце, плады зямлі, пах смачных пірагоў у нашых кухнях і… Але, на жаль, пачынаюць хварэць дзеці.
Сёння паразмаўляем, што рабіць, каб мінімізаваць наступствы хваробы для сямейных адносінаў, атмасферы і настрою ўсіх чальцоў сям’і.
- Дзеці хварэюць – гэта нармальны працэс
Маю на ўвазе “сезонныя хваробы ”– ВРЗ і звязаныя з імі. Так створаны чалавек, і так працуе імунітэт дзіцяці – сутыкаецца з вірусамі і рэагуе на іх хваробамі. Чым больш у дзіцяці кантактаў з іншымі людзьмі, тым большая верагоднасць захварэць.
Але ці магчыма ў 21 стагоддзі жыць не ў соцыуме? Безумоўна, не. Дзеці наведваюць садочак, школу, розныя гурткі, крамы і г.д. Таму з дзіцячымі хваробамі сустракаецца кожная сям’я. Важна ўсвядоміць тры факты:
- усе дзеці хварэюць;
- дзеці хварэюць і папраўляюцца;
- калі дзеці падрастаюць, хвароб становіцца менш.
Мацярынскую ўвагу варта сканцэнтраваць на тым, як найлепш дапамагчы дзіцяці паправіцца, а таксама захаваць атмасферу ў сям’і, без глабальнага напружання.
- Падрыхтаваная аптэчка
Хвароба дзіцяці – рэч непрадказальная і заўсёды з’яўляецца прычынай стрэсу, асабліва для мамы. Менавіта таму варта, каб у сям’і была адпаведна падрыхтаваная аптэчка. Што туды пакласці? Самыя неабходныя і простыя лекі, пра якія ведае кожная мама. Можна завесці спецыяльны блакнот, дзе будзе пазначана, у якой дазіроўцы і колькі разоў на дзень трэба прымаць той ці іншы прэпарат (у залежнасці ад узросту і масы цела дзіцяці). Прасцей гэта зрабіць менавіта тады, калі дзіця здаровае, а мама спакойная, чым, напрыклад, сярод ночы, калі паднялася тэмпература.
- Выбіраем аўтарытэты і слухаем толькі іх
Вядома, першае, што трэба зрабіць маладой сям’і, у якой з’яўляюцца дзеці, – знайсці “свайго” лекара. Спецыяліста, якому будзеце давяраць, да каго будзеце звяртацца з пытаннямі і чые прызначэнні будзеце выконваць.
Разам з тым у сучасным свеце чалавеку даступная любая інфармацыя. Яе можна ўзяць з розных крыніц – ад навуковых кніг на замежнай мове да парадаў блогераў у сацсетках. А яшчэ сям’ю акружае шмат розных людзей: сябры, знаёмыя, бабулі, дзядулі. Кожны са сваім вопытам у лекаванні дзяцей, кожны са сваімі парадамі. Толькі маме з татам вырашаць, да якога лекара звяртацца, адкуль браць інфармацыю, чыіх парадаў слухаць і ці слухаць увогуле.
- Хвароба дзіцяці – плённы час для цёплых адносінаў
Час, калі дзіця хварэе, можа прыносіць шмат цёплых і радасных момантаў. Маме варта старацца трансляваць хвораму дзіцяці пазітыўны настрой: ты абавязкова паправішся, заўтра будзеш адчуваць сябе лепш, лекі дапамагаюць, бачыш, сёння ўжо можна нават пагуляць на дварэ і г.д. Важна самой засяроджваць увагу на такіх маленькіх дробязях і казаць пра гэта малечы.
Хвароба – гэта час, калі можна шмат адпачываць і добра харчавацца, але разам з тым можна шмат абдымацца, размаўляць, гатаваць смачныя стравы, чытаць цікавыя кнігі, гуляць у настолкі. Праявіце фантазію – і ўсё абавязкова атрымаецца цёпла і ўтульна.
- Мама – таксама чалавек
Усім вядома, што асноўны клопат пра хворае дзіця кладзецца на плечы мамы. Таму вельмі важна, каб мама мела магчымасць адпачываць. Не трэба саромецца прасіць пра дапамогу. Шукайце яе сярод блізкіх людзей. Шукайце час, які можаце правесці ў адзіноце, шукайце маленькія рэчы, якія прыносяць вам радасць і рабіце іх для сябе. Толькі Вы можаце ведаць, як набрацца сіл і адкуль браць рэсурс.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка, маладая мама дваіх дзяцей
для друку