Паразмаўляем пра хатнія абавязкі. Часта здараецца так, што не кожны чалец сям’і ўсведамляе, колькі хатніх спраў выконвае мама, колькі часу ёй патрэбна, каб выканаць усё – ад самых буйных абавязкаў да самых дробных. Такія абставіны часта прыводзяць да выгарання. А ўсім нам вядома, што калі выгарае мама, пакутуе сям’я.
Прапаную пяць парадаў па размеркаванні хатніх абавязкаў.
- Сямейны сход
Сямейны сход – гэта добрая нагода для дыялогу. Тут мама можа паведаміць блізкім, што дом належыць не толькі бацькам, таму парадак і ўтульнасць – справа кожнага яе чальца. Важна таксама патлумачыць: няма тэрміну “дапамагаем маме”, у кожнага ёсць свае абавязкі і свая зона адказнасці.
На сямейным сходзе разам складзіце спіс абавязкаў, пачынаючы ад самых буйных і заканчваючы самымі дробнымі.
- Размеркаванне
Калі спіс складзены, абавязкі трэба размеркаваць. Важна, каб справы былі ў кожнага. Калі вашыя дзеці зусім маленькія, яны могуць, напрыклад, выключаць святло, засцілаць ложак, складаць рэчы ў пральную машыну або развешваць іх. Калі дзеці падрастаюць, змяняюцца і абавязкі.
Вядома ж, ёсць справы, якія кожны павінен рабіць незалежна ад ускладзеных абавязкаў. Напрыклад, складаць у шафу сваё адзенне, прыбіраць са стала пасля ежы і г.д.
Няхай напачатку кожны сам выбірае абавязак са спісу, якім хоча заняцца. Вядома, не ўсе хатнія справы аднолькава падабаюцца, але парадак у доме – супольная адказнасць, таму чальцам сям’і разам трэба прыкладаць высілкі, забыўшыся пра словы “не хачу і “не буду”.
- Візуалізацыя
Калі сям’я вызначылася са спісам абавязкаў і размеркавала іх, застаецца самае цікавае і крэатыўнае – візуалізаваць план. У якой форме гэта будзе зроблена, дзе ён будзе знаходзіцца, вырашаць толькі вам.
Сюды можна ўкласці фантазію, аздобіць малюнкамі, цікавымі сказамі, якія адгукаюцца вам і вашым дзецям, а можна проста стварыць Excel-табліцу. Галоўнае, каб візуалізаваны план быў даступны і зразумелы для ўсіх.
- Давярайце сваім дзецям і мужу
Вельмі часта мама ўпэўненая: чысцей за ўсё памыць падлогу, смачней за ўсё прыгатаваць ежу, прыгажэй за ўсіх заслаць ложак можа толькі яна. І калі гэтыя абавязкі пераходзяць да дзяцей або мужа, мама пачынае хвалявацца, патрабаваць ідэальнага выканання, а часамі зноў вяртаецца да самастойнага выканання.
Але ж для таго існуе размеркаванне абавязкаў, каб чальцы сям’і разгрузілі маму, а яна навучылася давяраць сваім блізкім. Усё атрымаецца, проста трэба даць час і магчымасць навучыцца чамусьці новаму і ўдасканаліць гэтыя навыкі.
- Сістэма заахвочвання і пакарання
Дзецям вельмі важна, каб іх намаганні, нават самыя малыя, не абясцэньваліся. Але ж таксама здараецца, што дзеці лянуюцца выконваць свае абавязкі. Менавіта таму варта падумаць найперш пра заахвочванне. Напрыклад, увесці бонусную сістэму.
Калі абавязкі выдатна выконваюцца на працягу месяца, дзіця атрымлівае балы, а за адпаведную колькасць балаў – нейкі прыз. Наадварот, калі дзіця не выконвае або дрэнна выконвае давераныя яму справы, то балы адымаюцца.
Тут ёсць шмат месца для бацькоўскай і дзіцячай фантазіі. Галоўнае, каб размеркаваныя абавязкі зрабілі маму, а разам з ёй усю сям’ю, шчаслівымі.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
для друку