Хвала Хрысту! Вітаю ўсіх мам. Мы працягваем разам размаўляць пра радасці і цяжкасці мацярынства. Надышло лета – пара прыгодаў, пілігрымак і цудоўных сустрэч. Звычайна гэта вельмі насычаны і радасны час, але мы, мамы, людзі незвычайныя, таму і паразважаем на тэму сямейнага адпачынку. Прапаную пяць парадаў.
- 1. Які адпачынак мы можам дазволіць сабе?
Тут гаворка не толькі пра матэрыяльны аспект. Калі ў сям’і ёсць малое дзіця, то трэба добра падумаць: ці варта, напрыклад, ляцець у экзатычную краіну або, можа, лепш паехаць у суседні горад да сваякоў ці на лецішча?
Таксама важна цвяроза ацаніць, на які час сям’я можа дазволіць сабе адпачынак, каб ён быў камфортны для ўсіх: і для бацькоў, і для дзяцей, бо маленькім вельмі цяжка даецца змена абстаноўкі і звычайнага рэжыму дня. Вядома ж, калі стамляецца дзіця, то стамляецца і мама, а мама павінна адпачываць не менш, чым кожны іншы чалец сям’і.
Магчыма, менавіта ў гэтым годзе правільным рашэннем будзе застацца дома і проста пабыць разам. Такі варыянт абсалютна нармальны, асабліва калі дзеці зусім маленькія.
- Аснова супакою – план
Любая мама ведае: падарожжа з дзіцяткам – гэта шмат турбот: як нічога не забыцца? Колькі сумак трэба, каб скласці ўсе неабходныя рэчы? Якія яны, рэчы першай неабходнасці? Такіх і іншых пытанняў вельмі шмат. І гэта часта прыводзіць маму да вялікага напружання. Супакой наступае толькі тады, калі кожны чалец сям’і дакладна ведае не толькі пра тое, як і калі пройдзе адпачынак, але і пра функцыю кожнага ў падрыхтоўцы да яго. Менавіта таму неабходна запланаваць адпачынак загадзя, скласці падрабязны і канкрэтны план, якім вы разам будзеце кіравацца.
- Сёння наш цудоўны адпачынак – гэта …
Калі прапанаваць мамам прадоўжыць сказ, назбіраецца вельмі шмат розных адказаў. Гэта можа быць некалькі тыдняў за мяжой ля мора або некалькі дзён у бабулінай вёсцы; камфартабельны гатэль або намёт і спальныя мяшкі; экскурсіі або вечары ля вогнішча… Які ён, менавіта ВАШ цудоўны адпачынак? – абмяркуйце і вырашыце самі. Важна ў гэтай справе імкнуцца да дыялогу і кампрамісаў.
- Нічога не бывае ідэальным
Здавалася б, вы ўсё прадумалі і склалі план, абмеркавалі нават самыя дробныя дэталі, набылі неабходныя рэчы і вырашылі пытанні. Але раптам з’яўляюцца малыя і вялікія перашкоды: сапсавалася надвор’е, адмянілі рэйс, захварэлі дзеці… Важна не засяроджвацца на перашкодах, а шукаць спосабы іх пераадолення.
Таксама памятай: калі ўзнікаюць перашкоды, то могуць узнікнуць і канфлікты. Але ж супольны адпачынак – гэта прыгоды, якія павінны прыносіць радасць усёй сям’і, таму старайцеся разам вырашаць цяжкія пытанні і не звяртаць увагі на дробязі.
- Захавайце цудоўныя ўспаміны
Усё добрае калісьці заканчваецца. Закончыцца і сямейны адпачынак. Пройдзе час, згаснуць эмоцыі, сатруцца з памяці дробязі. Што застанецца ў вашай сям’і? Пра што вы раскажаце дзецям, калі яны падрастуць? Насамрэч, кожны адпачынак варты таго, каб неяк захаваць яго ў памяці. Як гэта зрабіць? Ёсць шмат спосабаў. Самае простае – раздрукаваць фотаздымкі, якіх вельмі шмат застаецца ў архівах нашых мабільных тэлефонаў, а таксама зрабіць кароткі фільм або цэлы дзённік з успамінамі кожнага чальца сям’і. Гэтыя рэчы аб’ядноўваюць сям’ю, а таксама вяртаюць зноў і зноў у шчаслівую атмасферу супольнага адпачынку.
Сямейны адпачынак, асабліва з малымі дзецьмі – гэта нялёгкая справа, але чым больш часу і адказнасці ўкладаецца ў яго падрыхтоўку, тым больш радасці ён прыносіць.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
для друку