ХХ Музычная Майстэрня. Гасцінны Івянец чакае музыкаў з 22 па 28 ліпеня

У апошні тыдзень ліпеня ў Івянцы традыцыйна пройдзе Музычная Майстэрня — імпрэза для музыкаў, якія жадаюць праславіць Бога праз свае таленты.

22-28 ліпеня парафія святога Міхала Арханёла і айцы францішкане чакаюць моладзь у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) на ХХ юбілейную Музычную Майстэрню, якая пройдзе пад дэвізам “На пачатку было Слова…”

Удзельнікі будуць мець магчымасць наведваць майстар-класы па ігры на розных музычных інструментах, тэатральным мастацтве, сцэнаграфіі, а таксама далучацца да шматасабовага хору, які штодзённа ўпрыгожвае святую Імшу літургічнымі спевамі. Важнай часткай насычанай праграмы таксама з’яўляюцца канферэнцыі і супольныя вечары, падчас якіх у ўдзельнікаў будзе магчымасць паказаць свае таленты і бліжэй пазнаёміцца адно з адным.

Музычная Майстэрня — гэта перш за ўсё інтэнсіўная праца і выдатная магчымасць праславіць Бога праз гучны супольны спеў, таму арганізатары звяртаюць увагу на важнасць актыўнага ўдзелу ў малітве і рэпетыцыях. Досвед супольнага спеву вітаецца, але не з’яўляецца абавязковым.

Умовы ўдзелу:

  • Узрост удзельнікаў: ад 14 гадоў (непаўналетнім патрэбны пісьмовы дазвол ад бацькоў і паўналетні апякун).
  • Кошт удзелу: 50 рублеў.
  • Па магчымасці будзе арганізаваны начлег у парафіян, але з сабой удзельнікам неабходна мець спальнік і турыстычны дыванок, намёт.
  • Для ўдзельнікаў прадугледжана гарачае харчаванне на працягу дня і душ.
  • Форма для рэгістрацыі >> (абавязковая перад прыездам)

Больш падрабязную інфармацыю можна знайці ў сацыяльных сетках Майстэрні: Instagram, Telegram.

Yani.Oganz, фота

для друку для друку