Голас Бога загучаў у Мінску: у Чырвоным касцёле асвяцілі званы

Не толькі католікі, але і шмат праваслаўных збіралі грошы на новыя званы.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч 17 лютага, пасля нядзельнай святой Імшы ў прысутнасці сотняў вернікаў асвяціў новыя званы Чырвонага касцёла ў Мінску (каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены на пл. Незалежнасці). Новыя званы стануць не проста музычным інструментам, а голасам Божым, адзначыў іерарх. Пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк выказаў надзею, што званы будуць Божым дарам не толькі храму, але і ўсёй беларускай сталіцы, заклікаючы людзей да веры і дабра.

Падчас службы маліліся за ахвярадаўцаў на званы. Многія з іх – праваслаўныя вернікі, адзначыў пробашч. “Званы аб’ядноўваюць і асвячаюць”, – дадаў ён.

– Вежы, якія маўчалі доўгія дзесяцігоддзі, доўгія пакалення, загавораць мовай званоў, а гэта значыць мовай Бога, мовай Евангелля, якое заклікае да навяртання, – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вернікі выйшлі на плошчу і пачулі з вежы касцёла словы малітвы Мітрапаліта, а затым першы ўдар іерарха па званах, які той зрабіў адмысловым малатком. Нагадаем, тыдзень таму адбыўся пробны перазвон званоў Чырвонага касцёла. Каб запусціць электронную сістэму званоў, прыязджалі адмыслоўцы з Польшчы.

Нагадаем, гаворка ідзе пра тры званы, на якія парафіяне збіралі каля 70 тыс. еўра. Раней у храме не было званоў, падчас рэканструкцыі касцёла, якому вяртаюць гістарычны выгляд, пробашч вырашыў усталяваць у вежах званы.

Акрамя таго, яшчэ аб адной ідэі распавядаў кс. Уладзіслаў. Калі яе атрымаецца рэалізаваць, то неўзабаве ў касцёле будуць біць не толькі тры вялікіх, але і шмат маленькіх званоў, якія пробашч разлічвае дадаткова замовіць у Польшчы. Па задумцы святара, апоўдні ў Чырвоным касцёле будзе гучаць прыгожы перазвон – мелодыя з дапамогай вялікіх і маленькіх званоў.

Katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі