У нядзелю, 11 снежня, супольнасць руху “Маці ў малітве” ў Глыбокім, якая налічвае 45 матуль, адзначыла сваё 5-цігоддзе. Яна паўстала з натхнення Духа Святога па прапанове пробашча Мікалая Ціхановіча і старшыні парафіяльнай рады, маці святара Ядвігі Саўчанка.
Святую Імшу ў інтэнцыі матуль руха і іх дзяцей цэлебраваў кс. Алег Зямчонак. Вікарый дзякаваў Богу за такую патрэбную супольнасць. Кс. Алег адзначыў у гаміліі, што кожная маці павінна быць прыкладам для сваіх дзяцей, удзельнічаць з імі ў жыцці Касцёла, быць заўсёды вернай запаведзям і Хрысту, гатовай абараніць веру. Святар звярнуў увагу на большую патрэбу супольнай малітвы ў сям’і, а таксама на павышэнне ролі таты ў выхаванні будучага пакалення. Добры бацька павінен выхоўваць дзетак на прыкладзе Святой Сям’і з Назарэту.
Маліцца за дзяцей павінны не толькі “Маці ў малітве”, але ўсе вернікі і заўсёды. Калі дзеці перажываюць цяжкасці, то разам з імі суперажываць, калі радуюцца – радавацца з імі. Проста быць побач. Важна навучыцца глядзець на дзяцей і ўнукаў вачыма Бога Айца, Які ўклаў у кожнага шмат дароў. Бацькі павінны заўсёды памятаць пра гэта, развіваць і бласлаўляць кожнага, спрыяць іх духоўнаму выхаванню. Кожны хрысціянін пакліканы да ўдзелу ў выратаванні свету разам з Марыяй.
Аб важнасці малітваў да Нябеснай Маці добра разумеюць многія маладыя матулі з нашай супольнасці. Іх дзеці з маленства ведаюць “што такое Рараты” і з радасцю ходзяць на Імшу і катэхезу.
Пасля ўрачыстай Літургіі маці сабраліся ў святліцы, каб яшчэ раз памаліцца абавязковымі малітвамі руху, падзякаваць Богу за тое, што выбраў менавіта кожную з нас, адпачыць і ўдасканаліць узаемаадносіны ў супольнасці.
Цёплыя пажаданні і словы падзякі былі скіраваны натхняльніку і галоўнаму каардынатару глыбоцкай суполкі Ядвізе Саўчанцы. Адзначылі яе запал і дасканаласць у выкананні сваіх абавязкаў, у арганізацыі і планаванні працы ў групе, пажадалі надалей сваім жыццём сведчыць пра Хрыста і быць узорам для глыбоцкіх матуль.
За салодкім сталом было шмат размоў і ўзгадак пра цікавыя моманты з пілігрымак у Магілёў і Оршу, Рось і Усялюб, Гервяты і Гудагай.
Людміла Сінкевіч, тэкст
Алёна Шаршунс, фота
