9 мая, на наступны дзень, калі ўвесь каталіцкі свет даведаўся аб абранні на Пасад Святога Пятра новага Папы Льва XIV, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся з “Каталіцкім Веснікам” сваімі ўспамінамі і думкамі пра Папу Льва XIV.
“У 2012 годзе быў Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, які праводзіў Папа Бэнэдыкт XVI. На Сінодзе прысутнічае каля 250 біскупаў, экспертаў, прадстаўнікоў розных рухаў, манаскіх супольнасцяў. Роберт Фрэнсіс Прэвост там быў. Ён тады быў генеральным настаяцелем Ордэна аўгустынцаў, а не біскупам, таму сядзеў крыху далей. Падчас Сіноду ёсць малыя працоўныя групы, там каля 25-30 чалавек, яны дзеляцца паводле моўнага прынцыпу. Я быў залічаны ў ангельскамоўную. Атрымалася так, што мы сядзелі ў адной групе.
Што можна сказаць пра яго? Гэта такі вельмі сціплы, ціхі чалавек. Ён вельмі мала гаварыў, але калі казаў, то толкам. Адразу адчуваецца, што гэта місіянер, бо ён вельмі доўга быў на місіях у Лацінскай Амерыцы.
Тады ён казаў, што патрэбна евангелізацыя Ad Gentes – тых народаў, якія не ведаюць Евангелля. Сёння на свеце жыве 8 міліярдаў людзей, і толькі два – хрысціяне, а шэсць – хто? Патрэбна евангелізацыя тых народаў, якія даўно евангелізаваныя, але забыліся пра гэта.
Думаю, што Папа Леў XIV будзе праводзіць лінію Папы Францішка. Учора ясна сказаў, што Касцёл павінен быць сінадальны. Аднак у той самы час выказаўся, што павінны будаваць масты пагадненняў.
І наступнае, мне падаецца, што гэты Пантыфік будзе сацыяльным Папам, бо выбраў сабе імя Леў. Папа Леў XIІІ напісаў першую сацыяльную энцыкліку Rerum Novarum (1891 год), паклаў аснову сацыяльнаму вучэнню. Таму Льва XIІІ называлі рабочым Папам. Новаабраны Папа Рымскі таксама ўчора ў сваёй першай прамове падняў пытанне аб сацыяльнай справядлівасці.
Сёння цяжка казаць, але тое што я бачыў на Сінодзе ў 2012 годзе, і далей чытаў, выдаецца, што Папа Леў XIV будзе з аднаго боку прадаўжаць лінію Папы Францішка, а з іншага, будзе крыху іншая і грунтавацца больш на евангелізацыі.
Папа Леў XIV — амерыканец, матэматык, філосаф, юрыст, манах аўгустыянец, быў місіянерам доўгі час, пробашчам, адказным за фармацыю манахаў, і таксама ў Ватыкане працаваў. Гэта Папа які дасведчаны і ведае ўсе сферы жыцця Касцёла з розных бакоў.
Патрэбны Папа-пастыр, але таксама ў сучасным свеце патрэбны Папа-палітык і Папа-адміністратар”, — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш.
Арцыбіскуп Тадэвуш падзяліўся фотаздымкамі з Сіноду біскупаў 2012 года. Стрэлкай адзначаны Роберт Фрэнсіс Прэвост, сённяшні Папа Леў XIV.
Запісала Марына Сінкевіч
