Гісторыя аднаго паклікання

Гэты артыкул прысвечаны сястры Цэцыліі Абухоўскай з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці, якая ў часы савецкага атэізму несла патаемнае, ахвярнае служэнне Богу і людзям.

Каб больш даведацца пра жыццё і лёс 89-гадовай манахіні, я накіроўваюся ў вёску Каменку, што на Гродзеншчыне. Маршрутка спыняецца на шчучынскай аўтастанцыі, дзе мяне сустракае с. Фаўстына Цыдзік.

Разам едзем у Каменку, якая размешчана за 16 кіламетраў ад райцэнтра. Па дарозе манахіня робіць мне невялікую экскурсію, распавядаючы пра мясцовыя адметнасці і будынкі. Яна дзякуе мне за прыезд і гаворыць, што вельмі важна, каб людзі ведалі пра жыццё сястры Цэцыліі, якая аддана бараніла Касцёл і веру ў складаныя савецкія часы.

Пад’язджаем да кляштара Сясцёр Маці Міласэрнасці. Сястра Фаўстына паказвае, дзе што размяшчаецца. Потым я накіроўваюся ў адзін з пакояў і чакаю сястру Цэцылію. Манахіня самастойна прыйшла да мяне з дапамогай хадункоў. Паціху ўладкаваліся і пачалі размову.

Цудоўнае аздараўленне

Напачатку сястра пачала ўспамінаць пра сваё дзяцінства. Яна нарадзілася ў Новай Рудзе на Гродзеншчыне ў 1927 годзе. Вельмі добра памятае сваю сур’ёзную хваробу: “Я моцна захварэла, калі хадзіла ў першы клас. Мы жылі каля возера. Я пратаптала сабе сцежку да школы праз возера і праз мост не хадзіла, бо так было бліжэй за ўсё. Аднойчы, калі я ішла дамоў, на возеры я ўлезла ў вялікі снег, закапалася ў ім. Не магла вылезці і моцна крычала. Добра, што брат быў недалёка, на падворку. Ён мяне выратаваў. Пасля гэтага выпадку я пачала хварэць. Ногі адняліся і скрывіліся. Урачы ўжо не давалі ніякай надзеі, казалі, што лепш было б, каб я памерла, бо застануся калекай”.

– А якім чынам Вы ўсё ж паправіліся? – пытаюся.

– Гэта малітва маіх родных дапамагла. Я паправілася цудоўным спосабам. Мая мама ездзіла ў Гродна на адпуст Маці Божай Анёльскай. Яна вельмі горача малілася і паабяцала Богу, што калі я буду здаровая, то пайду на Божую службу. А мне пра гэта нічога ніколі не казала. Толькі потым ужо распавяла, калі я ўступіла ў супольнасць сясцёр.

Дзясятая ў сям’і

З гонарам і радасцю сястра Цэцылія хваліцца мне: “Я ў сям’і дзясятая і самая малодшая. Дзяцінства ў нас было вясёлае. На жаль, двое дзяцей памерла ў дзяцінстве, таму нас выхоўвалася восем. Зараз ужо засталося трое. Брат мой цяпер знаходзіцца ў Польшчы, ён святар. У маладосці ён быў арыштаваны, аднак следчы сказаў яму: “Калі прыдумаеш, як выехаць, то старайся, бо будзеш у вязніцы”. Брат  належаў да падпольнай арганізацыі – Арміі Краёвай (АК), так і выехаў. Яму цяпер 97 гадоў, але яшчэ адпраўляе святую Імшу. У Польшчы таксама жыве наша сястра, старэйшая за мяне на тры гады”.

“Гэта так цудоўна – мець такую вялікую сям’ю”, – захапляюся я і разважаю пра некаторыя сучасныя сем’і, для якіх, на жаль, дзеці – гэта вялікі цяжар, перашкода.

Сястра Цэцылія згаджаецца са мной: “Зараз двое дзяцей – яшчэ нармальна, а трое – ужо страшная рэч!”

На допытах у савецкай улады

 – А як Вы патрапілі ў супольнасць Сясцёр Маці Міласэрнасці? – цікаўлюся я.

– У Новую Руду, дзе мы жылі, прыехаў ксёндз Юзаф Грасэвіч. Разам з ім прыбылі таксама сёстры, якія працавалі пры касцёле. Я часта да іх хадзіла. Мне вельмі падабалася іх малітва і з цягам часу я далучылася да іх. Уступіла ў закон, маючы 17 гадоў. Хадзіла заўсёды ў свецкім адзенні. А сёстры адразу, як прыехалі, былі ў манаскім убранні, але пасля прыдзірак саветаў насілі ўжо звычайнае сціплае адзенне, без крыжыка. Нават калі на плябаніі былі аблучыны, то я толькі пацалавала габіт (манаскае адзенне) і схавала яго. Ніхто нават і не ведаў, што я належу да супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці. Мы на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень закрывалі ўсе дзверы, толькі тады апраналі габіты і святкавалі.

Неаднаразова сястра Цэцылія прыгадвала выпадкі, калі прадстаўнікі савецкай ўлады выклікалі яе “на дыван”: “Да мяне ўлады часта чапляліся. Аднойчы выклікалі ў сельсавет і дапытваліся, чаго я хаджу на плябанію, а ім адказала: “Куды хачу, туды хаджу: або ў кіно, або ў касцёл”. Яны крыху мне пагражалі, але неяк абышлося – нічога не зрабілі. Таксама пыталіся ў мяне: “Ты манашка?” А я ім адказвала: “Хіба я так апранутая, як манашка?”

Каменныя сэрцы і жыццё ў “будзе”

– Сястра Цэцылія, а як Вы апынуліся тут, у Каменцы?

– Былі 60-я гады. Вельмі цяжкія часы. Разам з ксяндзом Грасэвічам мы спачатку служылі ў Крамяніцы. У Каменку нас выправілі, можна сказаць, на “кару”. Улады чапляліся, што ксёндз займаецца нібы нейкай агітацыяй. Не дазволілі працаваць і выслалі, можна сказаць, у “апошнюю” парафію, нічога не вартую, дзе было шмат праваслаўных. Як мы сказалі, што едзем у Каменку, адзін святар, які там ужо працаваў некаторы час, папярэдзіў: там каменныя сэрцы, няма для каго працаваць, няма нават чаго ехаць туды. Аднак паколькі ўлады вызначылі так, мы мусілі ехаць.

Сястра Цэцылія з памяткай аб 65-ай гадавіне манаскіх абяцанняў

– Усё было насамрэч такім жахлівым?

– Сапраўды, як прыехалі, было вельмі мала людзей. Касцёл занядбаны, шыбы ў вокнах пазабіваныя, плябаніі для нас не было, быў балаган. Мы жылі ў “будзе”. Уваходзячы, ксёндз мусіў згінацца, бо было вельмі нізка. Усё жыццё была толькі адна бяда, але разам з тым вельмі моцна падтрымлівала вера. І неяк пражылі.

“Увесь час тут, пра касцёле, вёўся рамонт. Трэба было крыць касцельны дах, бо ўсё зацякала, фарбаваць. Я нават сама хадзіла па даху, скідвала пабітую плітку. Тады была крыху спрытнейшая, чым цяпер,” – з усмешкай гаворыць сястра.

Успамінае манахіня таксама заняткі па катэхезе: “Дзяцей трэба было хаваць. Ішлі на заняткі хаваючыся. Дзеці праз мур скакалі, бо праз вароты не можна было ісці. Напрыклад, у Крамяніцы, школа была недалёка, і трэба было прайсці так, каб ніхто не ведаў і не заўважыў. Калі хаваліся і дзейнічала забарона, то больш дзяцей хадзіла, чым зараз, калі ўжо можна”.

Адліга і зацалаваныя рукі

– Ужо будучы манахіняй Вы працавалі арганісткай спачатку ў Крамяніцы, потым тут, у Каменцы. Дзе Вы навучыліся іграць на аргане?

– Мае два браты былі арганістамі. Я ад іх і навучылася. І ніякіх спецыяльных курсаў я не заканчвала. Яшчэ нотаў не ведала, а ўжо іграла. Старэйшы брат ужо працаваў арганістам, калі я толькі нарадзілася. І ён сказаў бацькам, што выхавае мяне. Я часта ў яго бывала, ён клапаціўся пра мяне і вучыў іграць. Жыў ён далёка ад нас. Памятаю, што заўсёды мне і сястрычцы на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень прывозіў розныя падарункі і адзенне.

З узрушанасцю сястра распавядае мне наступную гісторыю: “Хадзіла, апранутая па-свецку, і ніхто не ведаў, што я манахіня, вернікі думалі што я звычайная арганістка. А калі прыйшла адліга, я апранула манаскае адзенне і прыйшла ў касцёл. Іграла на аргане. Калі скончыла, да мяне падышлі людзі і пачалі цалаваць мне рукі: “Жанчынка, мы не ведалі, хто ў нас ёсць!” Такая вялікая была радасць, калі пачалася адліга і не стала пераследавання”.

Гэтым аповядам скончылася наша размова. На развітанне шчыра дзякую сёстрам Маці Міласэрнасці за гасціннасць, а сястры Цэцыліі жадаю моцнага жыццёвага аптымізму і такой бязмежнай радасці, якая была ў час, калі атэістычны рэжым спыніў сваё існаванне і скончылася пераследаванне Касцёла.

Ірына Радзевіч

для друку для друку