Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі нагадаў пра катастрафічныя наступствы выпрабаванняў ядзерных узбраенняў.
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у якасці кіраўніка дэлегацыі Святога Пасаду прыняў удзел у 13-й Канферэнцыі па спрыянні ўступленню ў сілу Дагавора аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Форум адбыўся 22 верасня 2023 года на палях тыдня высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Папскі дыпламат нагадаў, што “з пачатку ядзернай эпохі дзяржавы ўзарвалі больш за дзве тысячы ядзерных прылад, падвяргаючы незлічоную колькасць людзей шкоднаму ўздзеянню на здароўе іанізуючага выпраменьвання і забруджваючы наш супольны дом”. “Гэтыя жудасныя гуманітарныя і экалагічныя наступствы дэманструюць, што ядзерная зброя “памнажае рызыкі і стварае толькі ілюзію міру”, — нагадаў ён словы Святога Айца.
Арцыбіскуп Галахер выказаў падзяку васьмі дзяржавамі, якія ратыфікавалі Дагавор пасля апошняй сесіі канферэнцыі па спрыянні яго ўступленню ў сілу і заахвоціў усе краіны, якія яшчэ не зрабілі гэтага, “падпісаць і ратыфікаваць” дакумент “у якасці абсалютнага прыярытэту”.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што Дагавор аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў, з’яўляецца толькі адным з элементаў больш шырокага рэжыму раззбраення і нераспаўсюджвання, у цэнтры якога знаходзіцца Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, аб’яднаны з Дагаворам аб забароне ядзернай зброі.
Ватыканскі іерарх заклікаў да супрацоўніцтва паміж камісіямі і дзяржавамі для “ўніверсалізацыі, праверкі і збору гістарычны дадзеных аб мінулых ядзерных выпрабаваннях”, уключаючы іх чалавечыя ахвяры. Такое супрацоўніцтва можа дапамагчы “закласці асновы для выпраўлення шкоды, нанесенай ядзернымі выпрабаваннямі”, — агучыў пазіцыю Святога Пасаду арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку