Фэст у гонар святога Яна Хрысціцеля адбыўся ў Стэфанове

25 чэрвеня ў вёсцы Стэфанова Новапагосцкай парафіі адбыўся адпуст у гонар Нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Каплічка, якая мае багатую гісторыю, у чарговы раз сабрала разам сваіх вернікаў. На Эўхарыстыю прыбылі не толькі мясцовыя жыхары, але і тыя, хто жыве ў іншых месцах, аднак паходзіць з навакольных вёсак.

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце ксёндз Аляксей Асон. У сваёй гаміліі, разважаючы над словамі Евангелля і асобай св. Яна Хрысціцеля, святар засяродзіў увагу вернікаў на сэрцы чалавека, якое з’яўляецца «інструментам» дасканалага шляху да Бога. «Трэба імкнуцца жыць так, як падказвае нам нашае сэрца, бо яно звязвае нашу цялесную і духоўную натуру. Сэрца кожнага чалавека заўсёды прагне трох рэчаў: любові, шчырасці і Бога. Хай Пан Бог заўсёды жыве ў нашым сэрцы, як крыніца дасканалай любові» — адзначыў святар.

Напрыканцы Эўхарыстыі перад абразом св. Яна Хрысціцеля ўсе разам памаліліся Літаніяй да святога апекуна. Затым адбылося традыцыйнае асвячэнне вады і кветак.

На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз Аляксей Асон выказаў словы ўдзячнасці за супольную малітву, а таксама за прыбіранне каплічкі да свята.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі