Філіпінскі кардынал прыбраў слова “чорны” з назвы фігуры Хрыста

Статуя Чорнага Назарэя падчас штогадовай працэсіі ў Маніле

У імкненні да большай інклюзіўнасці кардынал Хасэ Адвінкула вырашыў прыбраць слова «чорны» з афіцыйнай назвы шматвяковай фігуры Хрыста-Назарэя.

Фігура, якая традыцыйна вядома як Чорны Назарэй, застаецца адным з галоўных сімвалаў каталіцкай веры на Філіпінах, дзе штогадовыя працэсіі з ёй збіраюць да трох мільёнаў вернікаў, якія праходзяць пяць кіламетраў, часта басанож, у знак глыбокай пашаны і веры.

«Мы павінны звярнуць увагу людзей больш на святое імя нашага Пана, чым на колер ці атрыбут», — адзначыў арцыбіскуп Манілы. Новая назва храма ў раёне Кіапа, дзе выстаўлена скульптура, цяпер гучыць як Базіліка меншая і нацыянальны санктуарый Езуса Назарэя – парафія Яна Хрысціцеля.

Працэсія з шанаванай фігурай Хрыста ў Маніле

Традыцыя кажа, што фігура Збаўцы ў натуральную велічыню, выразаная мастаком-ацтэкам у Мексіцы з цёмнага пустыннага мескітавага дрэва, была прывезена на Філіпіны іспанскімі місіянерамі ў 1606 годзе і змешчана ў касцёле ў раёне Кіапа ў Маніле. Вернікі прыпісваюць Чорнаму Назарэю цудадзейную аздараўляючую моц.

Традыцыйная працэсія 9 студзеня з’яўляецца адной з найбуйнейшых рэлігійных падзей у краіне. У 2020 годзе ў ёй удзельнічала 3,3 мільёна чалавек, якія прайшлі шэсць кіламетраў за 16 гадзін і 26 хвілін. Нават падчас пандэміі ў 2021 годзе, нягледзячы на абмежаванні, святыню наведала больш за 400 тысяч вернікаў.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі