28 студзеня ў Іўі адбыўся ХХІ фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”– адна з самых вартасных рэлігійных падзей Гродзеншчыны. Каля дзвюх соцень маладых вернікаў розных беларускіх парафій праславілі Збаўцу сваім спевам.
Фестываль традыцыйна распачаўся святой Імшой у парафіяльным іўеўскім касцёле, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Іерарх нагадаў словы Езуса Хрыста: “Там, дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх”. “Сёння ў гэтай святыні мы сабраліся разам, каб праславіць Збаўцу, а ваш фестываль – гэта трыумф Яго славы”, – сказаў біскуп.
На пачатку фестывалю дырэктар дабрачыннага таварыства “Caritas” кс. канонік Андрэй Аніскевіч прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. У слове іерарх падкрэсліў, што гэтая цыклічная падзея не толькі трывала ўпісваецца ў панараму сучасных культурных і душпастырскіх мерапрыемстваў Іўя і бліжэйшага наваколля, але і мае заслужанае месца сярод найбольш вартасных грамадскіх і адукацыйных ініцыятываў рэлігійнага напрамку ва ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, а нават па-за яе межамі.
“Аднак перш за ўсё фестываль, які прыцягвае столькіх музычна і артыстычна адораных удзельнікаў, з’яўляецца найпрыгажэйшым сведчаннем нашай веры ў Езуса Хрыста – Сына Божага, які з любові да нас стаў Чалавекам і прыйшоў у гэты свет, каб нас збавіць”, – звярнуў увагу пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ксяндзу Паўлу Калесніку і ўсім яго супрацоўнікам, якія ўзялі на сябе працу і адказнасць за арганізацыю і правядзенне такога важнага і прыгожага мерапрыемства. “Дзякую таксама ахвярадаўцам, дабрадзеям, валанцёрам – усім, без чыёй зацікаўленасці, ахвярнасці і асабістай адданасці не было б гэтага фестывалю. Словы ўдзячнасці адрасую гарадскім і раённым уладам Іўя, якія на працягу многіх гадоў рознымі спосабамі добразычліва дапамагаюць фестывалю. Мяне вельмі цешыць, што гэтае важнае культурнае мерапрыемства ўсё больш становіцца своеасаблівай візітнай карткай горада Іўя і Іўеўскага раёна”, – адзначыў біскуп Гродзенскі.
Прывітала ўдзельнікаў і гасцей фестывалю таксама загадчык аддзела культуры Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Кішкель. Падкрэсліўшы ўнікальнасць фестывалю, яна заўважыла, што гэтая падзея, сабраўшы маленькія таленты з усіх куткоў Іўеўшчыны, падтрымлівае і ўмацоўвае міжканфесійны мір і згоду.
Сёлета фестываль сабраў каля 200 удзельнікаў з парафій Іўеўшчыны, а таксама гасцей са Шчучына і Новай Баравой. У атмасферы цяпла, прыгажосці і ўтульнасці дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса.
Як і належыць на сапраўдным свяце, у канцы фестывалю кожны ўдзельнік атрымаў падарункі. Словы падзякі былі выказаны і тым, хто арганізоўваў і падтрымліваў мерапрыемства, асаблiва ініцыятару гэтага свята ксяндзу Яну Гавецкаму і сястры Ірыне Бучынскай, якая з’яўляецца “сэрцам” фестывалю.
Фестываль у беларускай глыбінцы яшчэ раз пацвердзіў, што наша зямля мае сапраўды здольную моладзь, якая жадае ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.
для друку