14 жніўня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат) упершыню адбыўся фестываль хрысціянскай музыкі — SD FEST. Музычны фэст прайшоў у дзень успаміну св. Максіміліяна Марыі Кольбэ пад дэвізам «У любові няма страху».
У Удзела прыехала моладзь з Віцебска, Мінска, Брэста, Варапаева, Браслава, Полацка, Падсвілля. Арганізавала SD FEST моладзь з Глыбокага разам з кс. Яўгенам Шымановічам, пры дапамозе моладзі Удзелаўскай парафіі разам з а. Віктарам Мялешка OFMConv.
Фестываль распачаўся са святой Імшы, пасля якой было трохі вольнага часу, калі ўсе маглі наведаць розныя куткі нашага фестывалю. Каля духоўнай зоны прысутныя маглі паразважаць, што для кожнага значыць каханне. У “бары” частавалі смачнымі напоямі і слодычам. Гульнявая зона дапамагала завесці новыя знаёмствы.
Пасля быў квэст на знаёмства з тэрыторыяй і згуртаванне каманды. Затым пачаўся сам фестываль, на якім выступалі гурты Sperantes in Domino (Глыбокае), Ex anima (Браслаў), моладзь з Удзела і Варапаева, дуэт Laudans (Брэст).
Арцём Ткачук з Гродна правёў канферэнцыю “Паступіць, зрабіць кар’еру і не згубіць веру”, дзе падзяліўся і сваім сведчаннем. Пасля канцэртнай праграмы распачаліся танцы і гульні. А завяршэннем вечара была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта на свежым паветры, дзе моладзь разам праслаўляла Госпада.
Марыя і Дар’я Іваноўскія, тэкст;
Соф’я Марціновіч, Паліна Арэхво, фота;
кс. Алег Хмылко, відэа