Фестываль «Gloria in excelsis Deo» прайшоў у Іўі

29 студзеня ў Іўі адбыўся ХХ фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”. Яго гісторыя пачалася ў 2003 годзе, і ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў маштабны творчы форум збірае дзяцей і моладзь з усяго дэканату, каб праславіць Нованароджанага Збаўцу.

Фестываль пачаўся святой Імшой у інтэнцыі яго ўдзельнікаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Мацвея пра восем благаслаўленняў, біскуп Алег адзначыў, што ў гэтых благаслаўленнях Езус абагульняе новы “запавет”, які прадстаўляе не як закон або катэгарычны прысуд, а як абяцанне і запрашэнне. Менавіта запаведзі сталі праграмай, якая дае магчымасць стаць хрысціянінам, – звярнуў увагу іерарх.

На пачатку канцэрту біскупскі вікарый па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Іерарх падкрэсліў, што, нарадзіўшыся ў беднай бэтлеемскай стаенцы, Пан Езус становіцца салідарным з кожным без выключэння чалавекам. Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што гэтая праўда хрысціянскай веры цудоўна выражаецца ў простых словах і прыгожых мелодыях незлічоных калядак і пастаралак, якімі на нашых землях вернікі шмат стагоддзяў праслаўляюць Пана Бога.

“Дэканальны фестываль калядак і пастаралак “Gloria in excelsis Deo” ў Іўі – падзея вялікай каштоўнасці, бо спрыяе захаванню і памнажэнню скарбаў нашай рэлігійнай культуры. А яскравым сведчаннем вялікай запатрабаванасці культурных імпрэзаў такога кшталту з’яўляецца вялікая і пастаянна ўзрастаючая колькасць удзельнікаў фестывалю – парафіяльных гуртоў, хораў, салістаў, – як і гледачоў, якія жадаюць глыбокіх духоўных перажыванняў і ўзнёслых эстэтычных уражанняў”, – напісаў іерарх.

Біскуп Алег Буткевіч, звярнуўшыся да прысутных з прывітальным словам, заахвоціў іх праз прыгожыя хвіліны фестывалю “адкрыць для сябе таямніцу Нараджэння Хрыста каб сённяшняе нялёгкае жыцце мела добрыя хвіліны, надзею і прыгажосць, якую маем разам будаваць і прасіць”.

У гэтым годзе “Gloria in еxcelsis Deo” сабраў каля 140 удзельнікаў з амаль усіх парафій Іўеўшчыны. Падчас канцэрту дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю сталі не толькі музычныя нумары, але і тэатральнае выступленне. Праз увесь канцэрт перадавалася атмасфера сапраўднага сялянскага святкавання Божага Нараджэння.

Фестываль яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.

Два дзесяцігоддзі маленькае Іўе ў глыбіні Беларусі напаўняецца каляднымі спевамі, фестываль яднае людзей. Варта спадзявацца, што яркі і незабыўны фестываль пакрочыць у трэцяе дзесяцігоддзе і збярэ яшчэ больш таленавітых дзяцей і моладзі, каб праслаўляць Нованароджанага Збаўцу.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі