«Езус не абяцаў жыццё без цяжкасцей». Інтэрв’ю з кс. Чэславам Паўлюкевічам

Кс. Чэслаў Паўлюкевіч

Пробашч парафіі і кусташ Дыяцэзіяльнага санктуарыя Пана Езуса Журботнага ў Росі кс. Чэслаў Паўлюкевіч разважае над праблемамі, якія вядуць чалавека да страты шчасця.

Сёння, напэўна, няма ў Беларусі месца, дзе б не чулі пра мястэчка Рось. Чым яно паспела праславіцца?

– Ва ўсім свеце ёсць мясціны, выбраныя самім Богам, дзе дзейнічае асаблівая ласка. Мы гаворым і пра Рось, і пра Тракелі, Будслаў, Браслаў, Жыровічы, Вільнюс, Чанстахову, Лурд, Фаціму… У гэтых месцах чалавек перажывае тое, што не можа адчуць у іншай святыні, дома, у лесе, у полі, хоць Бог жывы ў сэрцы кожнага з нас.

Калі я пытаюся ў людзей, ці ўсюды ў зямлі ёсць вада, мне звычайна адказваюць: “Так, усюды”. І маюць рацыю. Толькі каб дабрацца да вады, дзесьці трэба выкапаць калодзеж на глыбіню 5 метраў, дзесьці прабурыць скважыну на 10 метраў, а ў пустыні – нават на 200–300. У той жа час у прыродзе ёсць месцы, дзе не трэба дабірацца да вады, бо яна сама выходзіць з зямлі. Гэта крыніцы. Таму падобныя месцы вельмі трапна параўнаць з крыніцамі. Дастаткова, каб чалавек прыйшоў сюды, і ён ужо можа напіцца.

Чаго людзі шукаюць у Росі? Што тут знаходзяць?

– Вельмі часта, амаль няспынна, тут адбываюцца рознага роду цуды, ацаленні, вызваленні ад залежнасцей. Многія аддаюць Богу свае грахі – лёгкія і цяжкія, тыя, якія насілі на працягу доўгага часу. Шмат хто адкрывае іх для сябе тут, таму што знаходзіцца ў месцы асаблівай Божай ласкі. Людзі выходзяць з дэпрэсіі, знаходзяць сапраўдны сэнс жыцця. Гэта вялікая радасць!

А што, увогуле, робіць людзей няшчаснымі?

– Сёння хрысціяне шукаюць жыцця без праблем. І калі веруючы чалавек пастаянна сутыкаецца з цяжкасцямі, а яго сусед, умоўна, жыве па прынцыпах дарвінізму і ўсё ў яго складваецца добрым чынам, то ў душы хрысціяніна ўзнікае канфлікт. Але Езус ніколі не абяцаў сваім вучням жыццё без праблем. Ён папярэджваў пра цяжкасці. У чым жа тады радасць Евангелля? Хрыстос абяцаў, што дасць сілы быць вышэй любой праблемы, нават праблемы смерці.

І калі чалавек прымае гэтую праўду і жыве з Езусам, ён атрымлівае сілы. Жыццё змяняецца, змяняецца яго ўнутраны стан, нават калі праблема застаецца. Але чалавек можа і не напоўніцца гэтай сілай, таму што закрываецца ад Бога, не дазваляе Яму дзейнічаць у жыцці. Мне вельмі падабаецца назва кнігі кс. Яна Рэчэка – “Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё”. Гэты выраз азначае, што Хрыстос прагне для ўсіх нас шчасця, але захоўвае дар, дадзены чалавеку Богам, які называецца воляй.

Чалавек, які адказвае на прапанову Хрыста, можна сказаць, “перанараджаецца”?

– Абнаўленне можа быць заўважнае не адразу. Часам чалавек усведамляе гэта толькі праз некалькі месяцаў ці гадоў. Але каб падтрымліваць гэты стан, неабходна рабіць наступныя крокі: рэгулярна маліцца, чытаць Біблію, прыступаць да споведзі, прымаць св. Камунію. Як толькі чалавек спыняецца на гэтым шляху, сілы знікаюць і ён падае. Неабходна разумець, што калі аднойчы прапалоць агарод ад пустазелля, гэтага хопіць ненадоўга. Каб зямля магла прыносіць плён, яе трэба ачышчаць рэгулярна.

Вядома, для гэтага патрэбна прыкладваць шмат намаганняў…

– Як кажуць, “каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”. Мы ведаем, што св. Пётр з рыбакамі цэлую ноч працавалі, каб налавіць рыбы. Раніцай яны былі галодныя, стомленыя, злыя, бо не ўдалося злавіць ніводнай рыбіны. А Езус сказаў ім: “Закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце” (Ян 21, 6). І калі так зрабілі, ужо не маглі выцягнуць нерат на бераг ад мноства рыбы. Яны паслухаліся і атрымалі ўзнагароду, Хрыстос адарыў іх Божай ласкай. Але яны павінны былі закінуць нерат – у гэтым быў іх удзел.

Што б Вы як святар хацелі сказаць кожнаму чалавеку, нават незнаёмаму, якога сустракаеце на сваім шляху?

– У гэтым я хацеў бы наследаваць Марыю… У Святым Пісанні ёсць фрагмент, калі чалавек сутыкнуўся з праблемай на вяселлі: не хапіла віна. І Маці Божая тады паказала на свайго Сына і сказала вельмі коратка і проста: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5)…

Ангеліна Пакачайла, Слова Жыцця

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі