Евангелізацыйны курс завяршыўся ў Навагрудку і Любчы

15 снежня завяршыўся пяты па ліку Евангелізацыйны курс, якія быў распачаты 5-6 кастрычніка 2019 года. Адметна тое, што на гэты раз у парафіі працавалі дзве каманды аніматараў, адна па суботах у Любчы пры касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага (малой Арабкі), другая – па нядзелях, пры касцёле Міхала Арханёла ў Навагрудку.

У кожным з месцаў прайшло 11 сустрэч, кожная з якіх дзялілася на тры часткі. Першая – гэта знаёмства, прывітанне, размовы за гарбатай. Другая – лекцыі, па вызначаных тэмах: хто такі Езус, навошта Ён памёр, чаму і навошта чытаць Біблію, хто такі Дух Святы, як супрацьстаяць злу і інш. Трэцяя частка – гэта маленькія групкі, у якіх кожны раз ішла дыскусія і абмеркаванне лекцыі. Заняткі праходзілі ў свабоднай і нязмушанай форме, людзі цікавіліся, задавалі хвалюючыя пытанні, выказвалі свае меркаванні. Атмасфера была цёплая і добразычлівая. У нейкай ступені гэтая сардэчнасць, мабыць, і прыцягвала сюды людзей.

На заняткі А-курса ў Навагрудак прыязджалі нават з Наваельні. Тыя пяць чалавек за апошнія два з паловай месяцы сталі вельмі блізкія навагрудчанам. Кожны раз мы хваляваліся, каб нічога не перашкодзіла і яны зноў прыехалі на курс. Усяго разам на пяты па ліку Альфа-курс у Навагрудку і першы ў Любчы прайшло каля трыццаці чалавек.

Запамінальным для слухачоў і выступоўцаў выдаўся сумесны ўікэнд, які, як і ў мінулы раз, быў праведзены ў Баранавічах у манастыры. Там былі разгледжаны яшчэ тры тэмы пра Святога Духа.

Для Бога не мае значэння веравызнанне тых людзей, якія наведвалі Альфа-курс, не важны і сацыяльны статус, узрост, знешнасць. Адзінае, што важна, – гэта Бог і чалавек, такі, які ён ёсць.

Застаецца дадаць, што наступны, шосты па ліку курс, адбудзецца ва Уселюбе ў парафіі Св. Казіміра. Ён пачнецца ў сярэдзіне студзеня. Так межы паступова пашыраюцца. Спадзяёмся, што колькасць практыкуючых католікаў у нашай і суседніх парафіях, дзякуючы такім намаганням, павялічыцца. Калі мы дапаможам нават аднаму чалавеку стаць сапраўдным хрысціянінам, гэта ўжо будзе вялікім дасягненнем, даспадобы Езусу.

Фаіна Малюжэнец

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі