Еўрапейскія біскупы пра Касцёл падчас і пасля каранавіруса

Уплыў пандэміі COVID-19 на паўсядзённае жыццё Касцёла і еўрапейскага грамадства, а таксама ўклад католікаў у «справядлівае адраджэнне, якое не пакідае нікога», — такія тэмы абмеркавалі еўрапейскія іерархі.

3 чэрвеня 2020 г. прайшло штогадовае сумеснае пасяджэнне кіраўніцтва Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).

Іерархі прааналізавалі ўплыў пандэміі на грамадзянскую і касцёльную супольнасці кантынента і вызначылі магчымасці супрацоўніцтва. Яны чарговы раз выказалі блізкасць Касцёла да ўсіх, хто змагаецца з пандэміяй і знаходзіцца на перадавой, дапамагаючы пацярпелым. Біскупаў непакоіць «эканамічны крызіс і страта вялікай колькасцю людзей працоўных месцаў». Яны спадзяюцца, што ў Еўропе ўсе разам будуць працаваць на карысць аднаўлення, не пакідаючы без увагі нікога.

Была падкрэслена асаблівая роля сям’і ў крызісны перыяд. Гэта «сапраўдная ячэйка салідарнасці і абмену, але таксама месца агульнай малітвы». «Інвестыцыі ў сям’ю – гэта першы крок да сумленнага сацыяльнага, эканамічнага і касцёльнага аднаўлення», — заявіў прэзідыум CCEE і COMECE.

Кіраўніцтва абедзвюх біскупскіх асацыяцый адзначыла сур’ёзнае абмежаванне свабоды веравызнання ў кантэксце закрыцця храмаў і забароны публічных набажэнстваў, заклікаючы аднавіць нармальныя адносіны дзяржавы і Касцёла, заснаваныя на дыялогу і павазе да асноўных правоў.

Удзельнікі сустрэчы падзякавалі шматлікім святарам за іх ключавое і шчодрае служэнне ў гэты перыяд і нагадалі, што некаторыя з іх ахвяравалі сваім жыццём. Біскупы прааналізавалі ролю сацыяльных медыя і прамых трансляцый набажэнстваў.

«Новыя формы рэлігійнай практыкі, стварэння адносін, прысутнасці і абмену верай заклікаюць нас не толькі даць ацэнку магчымасці надання новага сэнсу веры і Касцёлу, але і працаваць над тым, каб шматлікія вернікі адкрылі для сябе элемент поўнай сакрамэнтальнасці рэлігійных цэлебрацый у месцах культу, чаго не можа даць выкарыстанне новых тэхналогій», — гаворыцца ў камюніке.

Пасяджэнне Рады і Камісіі епіскапатаў, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, прайшло ў форме відэаканферэнцыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку