Дзень засяроджання для дзяўчат прайшоў у Адамавічах

2 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат пад назвай “Адкрыць нанова сэрца Бога праз старонкі Апакаліпсіса”.

Дзень засяроджання дае магчымасць унутрана аднавіцца, вярнуцца да Езуса, паразмаўляць з Ім пра тое, што часта губляецца ў штодзённасці і мітусні, ці памаўчаць, калі гэта здаецца немагчымым.

Для разважання ўдзельніцы рэкалекцый звярнуліся да першых шасці раздзелаў кнігі Адкрыцця (Апакаліпсіса) святога Яна Багаслова. Апакаліпсіс, як нішто іншае, апісвае ператварэнне старога жыцця ў жыццё вечнае, і, як заўважыў духоўны кіраўнік рэкалекцый, “часцей за ўсё здаецца, што гэта кніга пра канец свету, але гэта далёка не так”. Разважанне над радкамі Бібліі дапамагала ўдзельніцам адкрываць не толькі гісторыю чалавецтва, але і сваё духоўнае жыццё.

Асаблівая ўвага была звернута на “сем пячатак сэрца” – адзіноту, нянавісць, спробу заслужыць падараванае шчасце, смерць, непрыняцце Божага слова, хаос навокал і хаос унутраны – і на іх пераадоленне ў Божай прысутнасці. Гаварылася пра тое, што адкрыццё гэтых “пячатак” – шлях пакут чалавечай натуры і эгаізму; што сёмую з іх адкрывае только Бог, і тады адбываецца аздараўленне Праўдай; што падтрымкай у нялёгкай духоўнай дарозе з’яўляецца прыклад устойлівасці і вернасці Збаўцы.

На малітве Крыжовага шляху ў межах рэкалекцый удзельніцы стараліся знайсці адказы на пытанні: “Якая пячатка закрывае маё сэрца?”, “Чым я гатова ахвяраваць дзеля Праўды?”, “Ці гатова я выйсці з натоўпу да Езуса?” і іншыя.

Неад’емная частка рэкалекцый – зносіны адзін з адным, з законнымі сёстрамі і духоўным кіраўніком. Рэкалекцыям спадарожнічае радасць – ад простага прабывання побач да глыбокай малітвы на адарацыі. Усё гэта таксама было характэрна для дня засяроджання ў Адамавічах, які даў удзельніцам магчымасць выйсці са свайго звычайнага стану душы.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі