Дзень маці адзначылі ў санктуарыі ў Тракелях

5 мая, у першую нядзелю Марыйнага месяца, калi ў Гродзенскай дыяцэзiі адзначаецца Дзень мацi, санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях дзякавалі за дар мацярынства і маліліся за ўсіх маці – жывых і памерлых.

Тракельскія парафіяне рыхтаваліся да гэтага дня загадзя. У атмасферы адзінай сям’і яны прыбіралі ў касцёле, на тэрыторыі каля яго, у Марыйным садзе. На малітве прысутнічалі жанчыны-маці з Радунскага, Іўеўскага і Лідскага дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі, з Баранавіч — Пінская дыяцэзія, Ліды і Шчучына.

Пачалося свята з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля цудадзейнага абраза Маці Божай.

Святочную Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі. Іншыя святары ўдзялялі сакрамэнт пакаяння і паяднання ў канфесіяналах.

Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй у гаміліі падкрэсліў: “Маці Божая прагне, каб мы наследавалі Яе, у Яе стылі выконвалі сваё індывідуальнае пакліканне, якім Бог адарыў кожнага”.

Ён патлумачыў, якім чынам наследаваць Панну Марыю: гэта значыць “быць адкрытымі на Божае слова, адказваць на яго паслухмянасцю ў веры і паводзінах”, “сведчыць сваім жыццём, што варта слухацца Бога, бо ад выканання Яго закону залежыць не толькі нашае асабістае і сямейнае шчасце, але таксама грамадскія, нацыянальныя і міжнародныя поспехі”, “давяраць Богу, быць паслухмяным Яму” і згаджацца з кожнай Яго воляй, маліцца – наследаваць Маці Божую ў малітве праслаўлення, падзякі і просьбы. “Гэты астылы ад малітвы свет трэба выратаваць, вылечыць, падтрымаць і перамяніць да лепшага праз нашу шчырую і няспынную малітву. Марыя глядзіць на нас і чакае, што мы будзем закваскай гарачай, настойлівай малітвы ў нашых сем’ях і парафіяльных супольнасцях”, – дадаў намінат. Акрамя таго, Маці Божая, па яго словах, “пастаянна ахвяравала сябе Богу і кожны дзень аднаўляла сваё ахвяраванне”. Намінат заахвоціў удзельнікаў свята прасіць Бога аб тым, каб кожны дзень станавіцца дарам Яму і людзям.

Намінат адзначыў, што Панна Марыя дае ўсім маці прыклад мацярынства. Ён падзякаваў жанчынам-маці за “прыняты дар жыцця ад Бога”, якім з’яўляюцца іх народжаныя дзеці, за “дары любові, пяшчоты і прабачэння, зразумення і ўсіх матчыных турботаў; за дар малітвы вуснаў і мову сэрца”. Намінат пажадаў усім маці Божага благаслаўлення, заклікаў даручыць Божай міласэрнасці ўсіх памерлых маці, каб яны цешыліся вечным шчасцем, і памятаць пра тых маці, “якія носяць пад сэрцам новае жыццё, каб Бог благаславіў іх і апекаваўся, каб яны з радасцю чакалі нараджэння свайго дзіцятка і шчасліва нарадзілі”.

У канцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў: “Мацярынства – гэта веліч і святасць, найважнейшая місія жанчыны, звязаная з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Ваша роля ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў грамадства заключаецца ў простым і знаёмым з самага нараджэння слове – “маці”! Матчына любоў – адзін з самых цудоўных дароў, якія Бог дае чалавеку”.

Удзельніцы супольнасці “Маці ў малітве” і іншыя прысутныя павіншавалі біскупа Гродзенскага з імянінамі, якія ён адзначаў двума днямі раней.

У межах свята адбыўся Крыжовы шлях “Тая, што пад Крыжам стаяла”, у ходзе якога ўдзельнікі разважалі аб ролі маці ў сучасным свеце.

У канцы святкавання кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі яшчэ раз павіншаваў усіх маці са святам, aдзначыўшы: “Жыццё чалавечае – неацэнны і найдаражэйшы скарб. І тая, хто дае кожнай асобе гэты скарб, носіць ласкавае і пяшчотнае імя – Маці, Матуля, Мамачка. Для кожнага з нас маці – самы цудоўны чалавек у свеце, самы прыгожы ўнутранай прыгажосцю. Маці аддае сваю любоў і цеплыню сваім дзеткам усё жыццё, яна ўсё разумее, заўсёды даруе, яна ўмее заўсёды любіць усёй душой і сэрцам. Не саромейцеся і не шкадуйце дарыць матулечцы сваю любоў, клопат, штодзённую павагу”.

Калі пасля благаслаўлення жанчыны-маці пакідалі санктуарый, можна было заўважыць, што іх вoчы нeзвычaйнa cвяцiлicя. Удзельнікі свята дадаюць, што яму спадарожнічала асаблівая атмасфера, што і паветра, здавалася, прасякнута ўзнёслым настроем і душэўным спакоем.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі