Дзень духоўнай адновы адбыўся ў Бараўлянах

8 сакавіка ў парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах святары салезіяне і сёстры салезіянкі сабраліся разам на Дзень духоўнай адновы. Сустрэча распачалася з прывітальнага слова рэгіянальнага настаяцеля салезіянаў у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB і супольнай малітвай літургіі гадзінаў, паведамляе sdb.by.

Пачатковым імпульсам для асабістага разважання стала кароткая прамова с. Люцыі Бальцэвіч FMA, якая прадставіла яскравыя прыклады прысутнасці надзеі ў жыцці і дзейнасці святой Марыі Дамінікі Мадзарэло. «Надзея мае канкрэтнае імя — гэта Езус. Яна ажыццяўляецца праз поўны давер Божаму Провіду». Менавіта тэме надзеі прысвечаны дэвіз Генеральнага настаяцеля для ўсёй салезіянскай сям’і на гэты год. Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўсе прысутныя злучылі сваё малітвы і інтэнцыі на алтары Пана падчас Эўхарыстыі. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB прамовіў казанне, у якім падкрэсліў важнасць перамены ў дні духоўнай адновы: «Трэба зламаць тое, што дрэнна зраслося. А для гэта патрэбныя рызыка і давер».

Таксама кс. Артур нагадаў, што неабходным для гэтага інструментам з’яўляецца Святое Пісанне, да якога кожны павінен прыйсці праз пустыню і воды ракі Ярдан. Пасля святой Імшы ўсіх прысутных чакаў супольны пасілак, падчас якога святары салезіяне павіншавалі сясцёр са святам і выказалі сваю шчырую падзяку за іх служэнне і прысутнасць у парафіях і араторыях.

Другая частка дня была працоўнай, дзе была магчымасць супольна прааналізаваць мінулыя падзеі і акцыі, ацаніць працу салезіянскіх араторыяў і абмеркаваць супрацоўніцтва святароў і сясцёр ў салезіянскіх асяроддзях у Беларусі.

для друку для друку