18 кастрычніка дзеці ўсяго свету ўзносілі свае малітвы праз заступніцтва Маці Божай аб міры і еднасці.
“Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” – ініцыятыва, якая распачалася ў Венесуэле ў 2005 годзе пры падтрымцы Папскага фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Яе асноўная ідэя — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да Cэрца Бога і такім чынам змяняць свет.
Маладыя вернікі з Беларусі ўпершыню далучыліся да сусветная ружанцовай малітвы ў кастрычніку 2020 года. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі і камунікацыі, быў арганізаваны тэлемост, які злучыў дзяцей з 4 дыяцэзій краіны. Таксама шмат людзей маліліся, дзякуючы анлайн трансляцыі.
Сёлета дзеці сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Напачатку сустрэчы прысутных прывітаў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі. Ён адзначыў адметнасць сёлетняй малітвы – тэлемост, які распачынаецца ў Жодзіне, злучае пяць марыйных парафій з чатырох дыяцэзій краіны.
Ксёндз Аляксандр прывітаў ганаровых гасцей – арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, ксяндза біскупа Юрыя Касабуцкага, а таксама дзетак, якія прыехалі на ружанцовую малітву з Мінска, Смалявічаў і Барысава.
Словы прывітання прамовіў мітрапаліт Тадэвуш. Іерарх прыпомніў, як, праслаўляючы Нараджэнне Езуса Хрыста, анёлы спявалі “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі.”
“Гэты супакой быў патрэбны людзям 2000 год назад, супакою патрабуе наш свет зараз і будзе патрабаваць у будучыні. Таму так важна маліцца на ружанцы ў інтэнцыі міру і еднасці, каб жыць у супакоі”, – зазначыў іерарх.
Па традыцыі Касцёла ў пятніцу разважалі над балеснымі таямніцамі ружанца.
Першую таямніцу праводзілі дзеці з Санктуарыя Маці Божа Фацімскай з Жодзіна, другую – дзеці з Бабруйскай парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, трэцюю – з Браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, чацвёртую – дзеці з парафіі Маці Божай Фацімскай, што ў Баранавічах. Малітву завяршылі маленькія парафіяне з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
Дзіцячая малітва была аздобленая глыбокімі разважаннямі, вершамі, кароткімі тэатральнымі пастаноўкамі. Маладыя вернікі з парафіі Святога Валянціна, што ў Смалявічах, упрыгожылі малітву марыйным спевам.
Пасля ружанцовай малітвы да ўдзельнікаў ініцыятывы звярнуўся біскуп Юры Касабуцкі. Ён прыпомніў, як у Евангеллі сам Езус Хрыстус прасіў: “Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне”. Іерарх падкрэсліў, як важна, што сёння дзеці моляцца на ружанцы разам.
Напрыканцы ксёндз Аляксандр Шамрыцкі падзякаваў арганізатарам, душпастырам, законным сёстрам, якія прыклалі намаганні, каб малітоўная ініцыятыва “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы аб міры і еднасці” стала магчымай, а таксама ўсім дзецям, якія далучыліся да малітвы.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
