Сёння ў Каталіцкім Касцёле створаны аптымальныя ўмовы для таго, каб моладзь ўключалася ў духоўнае жыццё. Сістэматычна ладзяцца моладзевыя сустрэчы, пілігрымкі, катэхезы і духоўныя спатканні, дабрачынныя акцыі, музычныя фестывалі. Кожны ахвотны можа знайсці сваё месца і прызначэнне, распачаць шлях да духоўнасці. Аднак, безумоўна, усё гэта з’яўляецца толькі сродкам для пабудовы жывых адносін з Богам. Зразумела, што любыя стасункі пачынаюць будавацца з размовы – даверлівай, адкрытай і шчырай. І гэтай размовай з’яўляецца малітва. Мы папрасілі расказаць пра асабістую малітоўную практыку Елізавету Бубеньку.
Лізе Бубенцы – 21 год, яна вучыцца на 5 курсе лячэбнага факультэта БДМУ. Дзяўчына з’яўляецца парафіянкай архікатэдральнга касцёла ў Мінску, стала наведвае моладзевыя спатканні пры парафіі.
– Ці молішся ты штодня? Якія малітвы адмаўляеш?
– Стараюся маліцца кожны дзень. Нават калі здаецца, што часу мала, правесці пару хвілін за малітвай значна лепш, чым нічога. Часцей за ўсё адмаўляю ружанец, але спрабую дадаваць малітвы на працягу дня – літаніі, літургію гадзінаў. Для мяне заўсёды радасна праводзіць малітвы з іншымі: з сям’ёй, з сябрамі. Але гэта атрымліваецца не так часта, як хацелася б.
– Як выглядае тваё месца для малітвы?
– Не маю асаблівай прывязкі да месца для малітвы. Дома я арганізавала для сябе куток, дзе стаяць абразы, Біблія, рэлігійныя кнігі, ружанец. Гэта дапамагае сканцэнтравацца. Калі ёсць вострая патрэба ў малітве, то не задумваюся пра тое, якая атмасфера вакол мяне.
– Як ты ставішся да малітвы ў грамадскім транспарце, на вуліцы?
– Раней мне цяжка давалася малітва ў грамадскіх месцах. Але я заўсёды з вялікай павагай ставілася да тых людзей, якія гэта практыкавалі. Для сябе я вырашыла практыкаваць малітву падчас дарогі на вучобу і з яе. Не магу сказаць, што атрымліваецца кожны дзень, але галоўнае – пачаць.
– Як малітва дапамагае табе ў складаных сітуацыях?
– Сучасны свет патрабуе ад чалавека хуткасці, да якой ён першапачаткова не прызначаны. А малітва дапамагае спыніцца і даць сабе час супакоіцца. У спакоі больш верагодна, што прыйдзе вырашэнне праблемы.
– Ці носіш пры сабе малітоўнік, Біблію, ружанец і іншыя рэчы для малітвы?
– Заўсёды кладу ружанец у сумку, калі некуды іду. Малітоўнік і Біблію бяру з сабой рэдка: у далёкія паездкі ці на рэкалекцыі. Але заўсёды магу іх выкарыстоўваць у электронным варыянце.
– Ці бывае, што ты молішся без слоў?
– Бывае і так, бо пачуццё падзякі Богу за створаны свет для мяне таксама свайго кшталту малітва.
– Што табе патрэбна для добрай і якаснай малітвы?
– Для добрай малітвы галоўнае – яе пачаць. Для мяне важная дысцыпліна: нават калі па нейкіх прычынах не хочацца маліцца, калі пачынаю, то прыходзіць усведамленне, што гэта патрэбна і мае свае вынікі.
Гутарыла Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!