У даліне ракі Ахотніца, ля падножжа Горцаў, узвышаецца збудаванне, якое кідае выклік сучаснай сакральнай архітэктуры. Манументальны касцёл, увенчаны 22 крыжамі і натхнёны раннесярэднявечным рэлікварыям, становіцца новым сімвалам супольнасці, адзначанай трагічнай гісторыяй «Крывавага вечара Каляд». Менавіта тут, побач з гістарычным драўляным касцёлам, паўстане першая ў Польшчы парафія ў гонар благаслаўлёнага кардынала Стэфана Вышынскага.
Новы касцёл у Ахотніцы Дольнай — гэта незвычайны па сваёй форме і сімвалізме праект. Аўтарам канцэпцыі з’яўляецца кракаўскі архітэктар Анджэй Мікульскі, стваральнік такіх праектаў, як цэнтр св. Яна Паўла II «Не бойцеся» ў Кракаве. На гэты раз архітэктар звярнуўся да каранёў хрысціянства ў Польшчы, натхніўшыся найстарэйшым рэлікварыям Святога Крыжа, знойдзеным у Польшчы.
Форма будынка прызначана быць своеасаблівай «абгорткай» для святыні, а яго план заснаваны на праекцыі крыжа. Адметным элементам з’яўляюцца 22 крыжы, размешчаныя на дахах, вежах і апсідах, якія ствараюць цэласную сімвалічную праграму: будынак, які сам па сабе з’яўляецца крыжам, акружаны меншымі крыжамі на кожным узроўні. Гэтая архітэктура свядома пазбягае гатычнага вертыкалізму і дэкаратыўнай раскошы на карысць масіўных сцен, вузкіх вокнаў і паўкруглых апсід, якія нагадваюць раманскі стыль.
Рашэнне пабудаваць такі ўражлівы касцёл глыбока ўкаранілася ў самасвядомасці жыхароў Ахотніцы Дольнай. Гэтая даліна ў Горцах нясе ў сабе цяжар драматычных успамінаў пра Другую Сусветную вайну, калі напярэдадні Каляд 1944 года немцы забілі 59 жыхароў і спалілі частку вёскі.
Такім чынам, манументальнасць новага будынка — гэта не толькі пытанне эстэтыкі, але і праява сілы супольнасці, якая вытрымала найцяжэйшыя выпрабаванні. Пробашч парафіі кс. Павел Легутка падкрэслівае, што будаўніцтва касцёла было ў першую чаргу воляй парафіян: «Калі б людзі гэтага не хацелі, мы б яго не будавалі». Працы вядуцца ўжо больш за тры гады, і кожны крок выклікае энтузіязм у мясцовай супольнасці.
Новы касцёл будуецца побач з драўляным касцёлам Адкрыцця Святога Крыжа 1816 года.
Выбар благаслаўлёнага Стэфана Вышынскага ў якасці святога заступніка завяршае гэтую сімвалічную галаваломку. Крыжападобны план, на якім грунтуецца касцёл, прызначаны для адлюстравання жыцця Прымаса Тысячагоддзя — ад яго вопыту вайны і сталінізму да гадоў, праведзеных у турме. Яго асаблівая адданасць Марыі будзе адзначана ў надпісе «Soli Deo per Mariam» над вакном-ружай і ў зоркападобным скляпенні капліцы Маці Божай.
Сучасныя кліматычныя праблемы і спрэчкі аб будаўнічых матэрыялах не абышлі бокам гэтае будаўніцтва, аднак стваральнікі застаюцца вернымі бетону як інструменту для архітэктурнага апавядання. Новы касцёл павінен стаць важным месцам не толькі для цяперашніх жыхароў, але і для будучых пакаленняў, спалучаючы сучасную архітэктуру з майстэрствам мясцовых мастакоў.
У Ахотніцы Дольнай будуецца не проста будынак, а спроба матэрыялізаваць дух нацыі і мясцовую гісторыю ў форме, якая разлічана на стагоддзі. Над уваходам у новы касцёл знаходзяцца словы кардынала Вышынскага, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць намаганні і амбіцыі гэтай справы: «Усякая вялікая справа павінна каштаваць і павінна быць цяжкай; толькі малыя і нікчэмныя рэчы лёгкія». Гэта будаўніцтва з’яўляецца доказам таго, што мары пра вялікія рэчы ўсё яшчэ выхоўваюцца ў гэтай горнай даліне.
deon.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!