Калі ў сям’і з’яўляецца маленькае дзіця, яно патрабуе шмат увагі, а таксама сілы і часу. Яшчэ больш увагі сілы і часу выдаткоўвае мама, калі ў сям’і двое і больш дзяцей.
Часта здараецца сітуацыя, што духоўнае жыццё адыходзіць на другі план. Вялікі пост – гэта добры час, каб зірнуць на свае адносіны з Богам і паспрабаваць наладзіць іх.
- Штодзённая малітва
Каб малітва сапраўды стала штодзённай, трэба знайсці для яе час. Станьце перад сабой у праўдзе і адкажыце, колькі часу вы гатовыя і можаце прысвяціць на размову з Панам? Няхай напачатку гэта будзе 5, 10, 15 хвілін, але кожны дзень.
Мама сама ведае, калі ў яе графіку можна знайсці час на малітву: магчыма, гэта будзе раніца, дзённы дзіцячы сон ці вечаровая цішыня. Пажадана, каб малітва адбывалася ў адну і тую ж гадзіну. Напачатку можна нават ставіць будзільнік, каб у выбраную гадзіну адкласці ўсе справы. Але пройдзе некалькі тыдняў – і прысвячаць час спатканню з Богам стане вашай добрай звычкай і патрэбай сэрца.
- Святая Імша
Удзел у Святой Імшы – абавязак кожнага хрысціяніна. Ідэальны варыянт – быць на нядзельнай Эўхарыстыі ўсёй сям’ёй. Але кожная мама ведае: у жыцці ідэальна не бывае. Вельмі часта ісці ў касцёл з маленькімі дзецьмі – гэта сапраўднае выпрабаванне.
Тут маме варта задаць сабе пытанне: “А ці малюся я?” І калі раз за разам, нядзеля за нядзеляй станоўчага адказу на гэтае пытанне няма, павінен надысці час для сямейнага савету і прыняцця рашэнняў. Магчыма, добрым варыянтам будзе не браць дзяцей на кожную Імшу. Або адзін раз дзецьмі апякуецца мама, а наступны – тата.
Абмяркуйце, што падыдзе менавіта для вашай сям’і, каб дапамагчы маме сапраўды сэрцам перажываць Эўхарыстыю.
- Спатканне з Езусам у Божым cлове
“Хто не ведае Біблію, той не ведае Хрыста”. Так пісаў святы Геранім Стрыдонскі. І сапраўды, важным і неабходным элементам духоўнага жыцця з’яўляецца чытанне Божага cлова.
У сучасным свеце ёсць шмат магчымасцяў для чытання і вывучэння Святога Пісання. Пачаць можна з маленькіх крокаў: штодня чытаць урывак з Евангелля, які ў Касцёле гучыць падчас літургіі слова. А таксама разважаць, якім чынам сёння Госпад прамаўляе да мяне. Свае думкі можна запісваць, а потым звяртацца да іх.
- Супольнасць
Духоўнаму ўзрастанню і развіццю спрыяе супольнасць. Звычайна ў кожнай парафіі ёсць пэўныя касцельныя рухі і супольнасці, да якіх маме можна далучыцца: ружанцовыя колы, «Маці ў малітве», парафіяльны хор, біблійнае кола і інш. Варта даведацца, якія рухі і супольнасці ёсць у вашай парафіі, а таксама вырашыць, да якой хочаце далучыцца менавіта вы.
Тут, канешне, можа ўзнікнуць пытанне: а хто будзе апекавацца дзецьмі падчас маміных сустрэч? Але калі мець жаданне, азірнуцца наўкол сябе і прасіць дапамогі, яна абавязкова знойдзецца сярод блізкіх людзей. “Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц18: 20).
- Рахунак сумлення
Звычайна рахунак сумлення практыкуецца перад споведдзю, але добрым крокам да духоўнага ўзрастання стане штодзённы аналіз дня ў прысутнасці Святога Духа.
Засяродзьцеся над тым, як прайшоў дзень, што добрага здарылася, што атрымалася, якія маленькія і вялікія справы вы змаглі ажыццявіць? Падзякуйце Богу за ўсё.
Другім крокам стане перапрашэнне: што не атрымалася, дзе вы саграшылі? За што б хацелі папрасіць прабачэння ў Збаўцы і Творцы?
Трэці крок – маленькія і вялікія планы на заўтрашні дзень.
Памятайце, што духоўнае жыццё – сістэма і дысцыпліна, перамогі і паразы, але разам з тым – гэта вашыя крокі да збліжэння з Езусам Хрыстом.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
