Святая Імша з блаславеннем для адзінаццацікласнікаў на заканчэнне навучання ў школе адбылася ў касцёле Святой Тройцы 9 чэрвеня. Глыбоцкі храм быў цалкам запоўнены вернікамі, на богаслужэнне прыйшлі выпускнікі, іх бацькі, бабулі з дзядулямі, а таксама настаўнікі.
Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. У сваім слове да бацькоў ён адзначыў, каб не баяліся давяраць сваіх дзяцей Богу: “Вы ўжо будзеце менш іх кантраляваць, а з Божай дапамогай у іх будзе ўсё ў парадку”.
“Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, мудрасці і любові, — сказаў пробашч, звяртаючыся да выпускнікоў, — мы давяраем сваю будучыню ў вашы рукі, а яна залежыць ад вашых адносін з Богам”. Ён заклікаў выпускнікоў не забывацца пра сваю парафію, свой касцёл, дзе іх заўсёды будуць чакаць.
Напрыканцы Імшы ксёндз Мікалай падзякаваў выпускнікам, іх настаўнікам і бацькам за тое, што яны прыйшлі ў гэты дзень у касцёл. Пасля заканчэння Эўхарыстыі святары Мікалай Ціхановіч і Іван Кароткін блаславілі выпускнікоў.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа