Дамашняя птушка? Хатняя? А можа, свойская?

Тэму сённяшняга моўнага артыкула падказала чытачка “Каталіцкага Весніка” з Докшыцкага раёна спадарыня Вера С. Яна ў лісце да аўтара рубрыкі задае некалькі пытанняў, што датычаць правільнасці беларускага словаўжывання. Але асаблівую ўвагу звяртае на наступнае: “Вось ужо некалькі гадоў я гадую курэй, гусей, індыкоў у сваёй роднай вёсцы, куды вярнулася з горада. Гэта для мяне захапляльны занятак, я апякуюся сваімі птушкамі штодня, нават штогадзіны… Яны для мяне як сябры, – піша сп-ня Вера. – І вось неяк выпадкова задумалася: а як правільна іх называць? Гэта дамашнія птушкі ці ўсё ж хатнія, бо яны ж гадуюцца каля хаты, пры хаце? Для мяне гэта важна, бо апошнім часам я ўсё больш сур’ёзна цікаўлюся беларускай мовай. І хочацца гаварыць правільна…”

Адразу хацелася б падзякаваць сп-ні Веры і за важнае, актуальнае пытанне, і за цікавасць да нашай роднай мовы. Тым больш што наша чытачка закранула праблему, звязаную з культурай маўлення, з чысцінёй беларускага слова. Таму паспрабуем разабрацца.

Сапраўды, і ў вусным маўленні, і ў пісьмовых тэкстах мы часта сустракаем канструкцыі кшталту дамашняя птушка ці хатняя птушка. Але з пункту гледжання лагічнай семантыкі такія словазлучэнні не зусім правільныя, бо дамашні – гэта, найперш, “прызначаны для задавальнення бытавых патрэбаў у доме (дамашні тэлефон, дамашнія туфлі); зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы (дамашні хлеб, дамашняе віно); сямейны, прыватны (дамашні настаўнік, дамашняе выхаванне). Прыметнік хатні выступае па сутнасці як сінонім да слова дамашні, таму таксама можна сказаць хатні тэлефон, хатняе віно і г.д., хоць такія спалучэнні і менш частотныя.

Што ж датычыць жывёлы ці птушак, якіх мы гадуем у сваёй гаспадарцы, то тут варта выкарыстоўваць прыметнік свойскі. Гэта ў значна большай ступені адпавядае традыцыям нашай мовы і ўзбагачае культуру маўлення. Прыметнік свойскі мае наступныя значэнні: “не дзікі, выгадаваны чалавекам – пра жывёл, птушак (І свойскія гусі таксама / Добра ляталі калісьці, / І з ветрам умелі спрачацца, / І крылы аб воблакі чысціць. Янка Сіпакоў; – Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, – з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. – Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Іван Чыгрынаў).

Дарэчы, менавіта прыметнік свойскі са згаданым значэннем фіксуецца ў “Беларуска-рускім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча (1962, с. 285): “Свойскі – не дикий, домашний; свойскія качкі – домашние утки”. А яшчэ ў згаданым слоўніку  прыметнік свойскі слушна падаецца як “прыручаны, рахманы (па-руску ручной, смиренный): свойскае жарабя – ручной жеребенок”. З гэтым жа значэнне названы прыметнік часта ўжываецца ў мастацкай літаратуры, у тым ліку нашымі славутымі класікамі. Прыгадаем пару прыкладаў: Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі (Віталь Вольскі); Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога – кінуць свойскаму мядзведзю (Уладзімір Караткевіч).

Такім чынам, адказваючы на пытанне нашай чытачкі сп-ні Веры С., заўважым, што па-беларуску варта выкарыстоўваць канструкцыю свойскія птушкі, а не дамашнія ці хатнія. Здавалася б, дробязь, але на самай справе з такіх нібыта нязначных моўных дэталяў і складваецца агульная культура словаўжывання, якой варта прытрымлівацца нам усім.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі