У Беларусі 4 верасня распачалася перэгрынацыя Цудоўнага медаліка. Яна праходзіць у межах дзевяцігадовай навэнны, якая распачалася ў 2021 годзе і скончыцца ў 2030-ым, калі мы будзем святкаваць 200-годзе аб’яўленняў Маці Божай Кацярыне Лябурэ.
Ініцыятыву навэнны прапанаваў ксёндз-місіянер св. Вінцэнта дэ Поля Вальдэмар Ракоцы, а сёстры-шарыткі (сёстры Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля) сталі дапамагаць у яе распаўсюджванні. Гэта адбылося ў Польшчы ў 2021 годзе. У маі 2022 года стала зразумела, што перэгрынацыя будзе адбывацца і ў Беларусі. Пра перэгрынацыю Цудоўнага медаліка “Каталіцкаму Весніку” распавяла с. Ірына Грыгаровіч.
“Сястра Кацярына Лябурэ належала да нашай кангрэгацыі, таму мы адчуваем, што знаёміць людзей з гэтымі аб’яўленнямі – наша місія. Мы адчуваем адказнасць, бо, атрымаўшы такі вялікі дар, не можам проста забыць пра яго. Да таго ж мы бачым вельмі многа людзей, якія носяць медалік, але не да канца разумеюць яго сімволіку. Таму мы вырашылі зрабіць нешта падобнае ў Беларусі,” – гаворыць сястра Ірына – асоба, адказная за перэгрынацыю.
Звычайна сёстры-шарыткі, якіх яшчэ называюць Дочкамі міласэрнасці, апякуюцца хворымі і пакінутымі і праводзяць катэхезу. Такая харызма кангрэгацыі.
“Я ведаю: тое, што мне даверылі сёстры, – вялікая адказнасць, я адчуваю сябе вельмі маленькай у гэтым. Але я шчаслівая, што займаюся гэтай справай. Я як прадстаўніца сясцёр, пачынаючы ад верасня, была ўжо ў адзінаццаці парафіях, дзе распавядала аб аб’яўленнях,” – кажа с. Ірына.
Манахіня разам з моладдзю адзін ці два разы на месяц наведвае парафіі, каб распавесці пра медалік, яго гісторыю, значэнне, і каб заахвоціць вернікаў далучыцца да дзевяцігадовай навэнны. Першае, на што яна звяртае ўвагу слухачоў, – гэта цудадзейнасць медаліка.
Чаму медалік цудоўны? Бо наша вера чыніць яго цудоўным!
У Італіі ў 1960-я гады маленькая дзяўчынка Аня ўпала ў калодзеж (9 метраў, дзе было 3,5 метра вады). Аня мела чатыры гады. Яна насіла медалік, бо атрымала яго ў дзіцячым садку. Дзяўчынка разумела, што гэта такое, і малілася як умела. Калі Аню выцягнулі з калодзежа, то заўважылі, што яна была абсалютна сухая. Вядома, што ў звычайных абставінах гэта было б немагчымым. Калі тата дзіцяці спытаўся ў яе, як так сталася, яна распавяла, што яе трымала на руках прыгожая Панна ў белым. Пасля гэтага Анін тата навярнуўся да веры і стаў руплівым апосталам Маці Божай.
“Я заўсёды ў парафіях распавядаю такі прыклад цудоўнага выратавання дзіцяці праз гэты медалік. Таму што на першых лаўках у парафіях звычайна шмат дзяцей, якіх хочацца зацікавіць. Гэта лёгка зрабіць праз апавяданне цудоўнага здарэння, якое адбылося з Аняй,” – падзялілася сястра Ірына.
У 1842 годзе адбыўся яшчэ адзін цуд навяртання, звязаны з медалікам. Альфонс нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і, але ён не быў вернікам увогуле. Таму брат яго сябра даў яму гэты медалік, кажучы: “А ты і так ні ўва што не верыш, то насі” і папрасіў усіх сваіх знаёмых, каб за яго маліліся. Аднойчы Альфонс прысніў літару “М” з малым крыжам, які павялічваўся ў памерах. У сне крыж стаўся настолькі вялікім, што ледзь не задушыў Альфонса. Але тады ён не зразумеў, што гэта быў за сон, і не звярнуў увагі. Калі памёр адзін са знаёмых Альфонса, брат яго сябра разам з ім пайшлі дамаўляцца пра пахаванне ў касцёл. Альфонс на некалькі хвілін застаўся адзін у касцёле, пакуль брат яго сябра вырашаў пытанне з пахаваннем. Мужчына у гэты момант убачыў абраз арханёла Рафала, які ішоў з Тобіем. Яго гэта зацікавіла, бо ён таксама насіў другое яўрэйскае імя – Тобій. Малады чалавек падышоў да абраза і ўбачыў Марыю, Якая явілася яму ва ўсёй сваёй прыгажосці. Марыя нічога яму не сказала, толькі ўздыхнула. Але ў той момант Альфонс усё зразумеў.
Гэтыя цуды паказваюць, што Маці Божая выпрошвае іх не як узнагароду для вернікаў, правільных і пабожных людзей, але ўсе маюць магчымасць іх атрымаць ці стаць сведкам цудаў для паглыблення веры.
Гісторыя з’яўлення медаліка
Медалік быў адкрыты Маці Божай сястры Кацярыне Лябурэ з кангрэгацыі Дачок міласэрнасці падчас аб’яўленняў.
Першае аб’яўленне адбылося ў ноч з 18 на 19 ліпеня 1830 года. У тую ноч Кацярына ўбачыла Марыю ў капліцы, дакранулася да Яе і паклала свае рукі на яе калені. Спатканне трывала дзве гадзіны. Падчас гэтага Маці Божая рыхтавала Кацярыну да місіі, якую даручыць ёй пазней.
Другое аб’яўленне адбылося 27 лістапада падчас супольнай малітвы. Менавіта тады Маці Божая аб’явіла цудоўны медалік.
Кацярына ўбачыла Маці Божую, Каторая стаяла на белым паўшар’і, была апранутая ў белую сукенку і белы вэлюм, які спадаў з двух бакоў да яе стопаў. У далонях Марыя трымала залаты зямны шар з малым крыжам на вяршыні. Гэты крыж сімвалізаваў адкупленае з граху чалавецтва. Яе позірк быў нібы скіраваны ўверх, Марыя прабывала ў малітве да Сына. У пэўны момант на яе пальцах з’явіліся пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі, і менавіта з гэтых пярсцёнкаў, а не з рук Марыі, выходзілі промні – сімвал ласкаў.
Беззаганная была прадстаўлена як тая, Якая прымае ўдзел у нашай барацьбе са злом, Яна растоптвае змея. Некаторыя промні з пярсцёнкаў былі больш яскравыя, іншыя – менш. Кацярына спыталася ў Марыі, чаму так? На што Марыя адказала: яскравыя промні – гэта ласкі, якія людзі просяць у Яе, амаль невідочныя промні – гэта ласкі, каторых людзі не просяць.
Што азначае цудоўны медалік?
Медалік – гэта не талісман, але знак апекі Марыі над чалавецтвам, Якая атрымала гэтую місію ад Хрыста. Калі Марыя стаяла пад крыжам Свайго Сына разам з Янам, Яна пачула ад Езуса такія словы: “Вось Сын Твой”. Езус у той момант гаварыў не толькі пра Яна, але пра ўсё чалавецтва. Менавіта тады Марыя ўзяла чалавецтва ў апеку.
На аверсе медаліка выяўлена сцэна з візіі святой Кацярыны. Маці Божая прадстаўлена як беззаганна зачатая, значыць, вольная ад усякага граху. Марыя растоптвае галаву змея – гэта сімвал таго, што Яна прымае ўдзел у нашай барацьбе са злом. Яна падтрымлівае нас на шляху да поўнага з’яднання з Сынам – гэта азначаюць промні святла. На рэверсе медаліка літара “М” з малым крыжам – гэта сімвал Беззаганнай, якая трымае ў далонях зямны шар. Каля падножжа літары “М” знаходзяцца зраненыя сэрцы Езуса і Марыі. Яны сімвалізуюць паходжанне місіі Марыі ад яе Сына. Дванаццаць зорак сімвалізуюць дванаццаць пакаленняў Ізраэля, а пазней – 12 апосталаў, і, такім чынам, – нас, Касцёл як новы народ Божы. Але перш за ўсё яны сімвалізуюць вялікае святло Хрыста, што асвятляе ўсё чалавецтва. Як кажа Езус, “Я – Святло свету”.
Набажэнства медаліка
Маці Божая прасіла прыняць медалік і насіць яго на шыі як знак Яе апекі. Таксама Яна дала падчас аб’яўленняў заклік “О, Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў цябе паратунку шукае”, і прасіла маліцца. Маліцца можна ружанцам, калі гэта магчыма – у супольнасці і перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Можна далучыць і іншыя формы шанавання Марыі.
Да малітвы дзевяцігадовай навэнны можа далучыцца кожны вернік, молячыся ў сваёй інтэнцыі дзевяць дзён або раз на тыдзень па магчымасці.
Лаліта Арлоўская
для друку