Цуд на Каляды. Непрыдуманая гісторыя пра цяжарнасць і анкалогію. Ч. 4

Пачатак гісторыі >>
Працяг >>

Працяг 2 >>

Прачынайцеся!

-Прачынайцеся!!! Чуеце? – нехта стаяў над маім тварам і моцна тузаў за плячо.

Вочы зусім не хацелі расплюшчвацца, галава балела, а мне зноў хацелася праваліцца ў сон. Пакрысе я стала разглядаць пакой, у якім знаходжуся. Праз шкло бачыла медыцынскую сястру, а побач на ложку – яшчэ адну жанчыну. Да мяне было падключана безліч розных апаратаў і правадоў. Тады я зразумела, што знаходжуся ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі. Апамятаўшыся, я адразу пачала намацваць свой жывот. Унізе ён быў цалкам заклеены пластырам, аднак моцнага болю я не адчувала. Праз некаторы час зайшоў доктар і паведаміў, што аперацыя прайшла паспяхова, а новаўтварэнне адправілі на цыталагічны аналіз, вынікаў якога трэба чакаць тыдзень. Толькі тады будзе вызначаны план далейшых дзеянняў.

Я радавалася. Па-дзіцячы наіўна і шчыра. Больш не было пагрозы цяжарнасці. І я магла выдыхнуць, хоць і на кароткі час. Праз гадзіну анестэзія пачала адпускаць і я адчула моцны боль. Рухі даваліся цяжка, кожны паварот прыносіў дыскамфорт. Сабраўшыся з сіламі, я вырашыла ўстаць. Аднак у мяне моцна закруцілася галава, пад рукі падтрымалі санітаркі, зазначыўшы, што ўставаць мне пакуль рана.

Вечарам прыйшла іншая санітарка, каб памыць падлогу. Гэта грузная жанчына з нізкім голасам аказала незвычайнае ўражанне і на мяне, і на маю суседку.

-Вось вы так мучаецеся, дзяўчаты, у болях іх нараджаеце, а яны вам потым падзякуюць, не пусцяць вас нават на парог, — зазначыла санітарка.

У сваім жыцці яна зрабіла некалькі абортаў, адну цяжарнасць усё ж вырашыла захаваць. Аднак адносіны з сынам так і не склаліся. Мы з суседкай зусім не раздзялялі яе скептычных думак наконт нараджэння дзяцей. А ў душы мне стала надзвычай шкада гэтую адзінокую жанчыну, бо за маскай цынізму ўсё ж хавалася зраненая чалавечая натура.

У дзень Вігіліі мяне перавялі ў звычайную палату. Прыехалі мае родныя, каб падзяліцца аплаткам, любоўю і шчырасцю. Я абдымала маму, якая ўвесь гэты час была побач, падтрымлівала мяне і не давала ўпасці духам. І раптам адчула сябе невымерна шчаслівай: у мяне ёсць родныя людзі, якія любяць мяне, атуляюць клопатам і ўвагай. Ці не гэта самае галоўнае ў жыцці? І не так важна, якім будзе вынік аналізу. Бог не пакіне мяне, ён дасць мне сваіх анёлаў, што дапамогуць перажыць і гэта.

Ноч з 24 на 25 снежня была для мяне нязвыклай. Заўсёды я праводзіла яе дома, у сямейным коле. Апоўначы мы разам ішлі на Пастэрку, а пасля спявалі калядкі, радуючыся нараджэнню Хрыста. Сёння мяне чакала зусім іншая ноч. Але гэта зусім не адмяняла яе святасці і ўрачыстасці. Бог прыходзіць у гэты свет, атуляючы яго ахвярнай і невычэрпнай любоўю. Ён любіць усіх аднолькава: і тых, хто зламаны духам, і тых, хто хварэе і адчувае адзіноту. Гэтыя думкі збудавалі мае адносіны да калядных святаў. І ўжо цяпер, прыходзячы на Пастэрку, я заўсёды малюся за людзей, якія знаходзяцца ў роспачы, адзіноце, якія хварэюць і не адчуваюць падтрымкі ад родных. Бог даў мне маленькі ўрок любові і спагады. Разумець іншых пачынаеш толькі тады, калі сам праходзіш праз пэўныя негатыўныя рэчы. Маё сэрца было поўнае падзякі за гэты падарунак, які атрымала напярэдадні вялікага свята. Яшчэ тыдзень таму я знаходзілася ў цемры, але прыйшоў Бог, а разам з Ім – невычэрпнае святло.

Праз некалькі дзён я ў чарговы раз пайшла на ўльтрагук. Урач зазначыла, што аперацыя прайшла добра. А пасля спытала ў мяне, ці ведаю я пол будучага дзіцяці. Я сказала, што не ведаю, але адчуваю – будзе дзяўчынка. Яна ўсміхнулася, павярнула да мяне манітор і пацвердзіла мае прадчуванні. Акрыленая цудоўнай навіной, я вярталася ў палату. Маё сэрца перапаўняла ўдзячнасць, незвычайны спакой і радасць. Пасля працяглай ночы заўжды прыходзіць дзень. Заставалася толькі дачакацца вынікаў аналізу. Аднак урач мяне абнадзеіла.

-Не перажывайце, ёсць магчымасць захаваць цяжарнасць. Калі новаўтварэнне не акажацца дабраякасным, то народзіце, а потым будзеце лячыцца.

Гэты факт падараваў надзею і сапраўдную веру ў будучыню, у якой ёсць месца маёй маленькай дачушцы. Мяне ўжо не ахопліваў такі жах, я стала больш спакойнай. Чарговай раніцай урач прыйшла на абход з вынікам аналізу.

-У вас усё добра! Хутка выпішам.

У мяне ўсё добра! У нас усё добра! Я не магла паверыць свайму шчасцю, плакала як дзіця, дзякуючы ўрачу і медыцынскім сёстрам. Праз дзень я ўжо выходзіла з бальніцы. Яшчэ раз абвяла позіркам гэтыя сцены, у якіх было столькі болю, горычы і, адначасова, радасці, надзеі і любові.

Дачушка нарадзілася ў вызначаны тэрмін. Моцным крыкам яна абвясціла аб сваім прыходзе ў гэты свет. Я далікатна трымала яе на руках, разумеючы, што гэта падарунак самога Бога на самыя цудоўныя і прыгожыя святы. Акрамя дня нараджэння дачкі, я заўсёды ўспамінаю дзень сваёй аперацыі, бо лічу яго другім днём нараджэння сваёй дзяўчынкі. Днём, які збудаваў маю веру і падараваў самы сапраўдны калядны цуд.

Сведка Божай любові

для друку для друку