Цуд на Каляды. Непрыдуманая гісторыя пра цяжарнасць і анкалогію. Ч. 3

Пачатак гісторыі >>
Працяг >>

Аперацыя

Бог дапамагае рукамі людзей. Цяпер я ў гэтым упэўнена. Загадчыца аказалася вельмі прыязнай і мілай жанчынай, праз некалькі хвілін я выходзіла з накіраваннем у навукова-практычны цэнтр. Ніколі ў жыцці я так не чакала шпіталізацыі і аперацыі. Усё хацелася вырашыць як мага хутчэй.

Многія лічаць, што ненароджанае дзіця – гэта яшчэ не чалавек або непаўнавартасны чалавек, таму з лёгкасцю ідуць на аборт, абрываючы кволае жыццё. Аднак цяжарнасць – гэта асаблівы стан. Нездарма яго называюць бласлаўлёным. Зацяжарыўшы, я адчула сябе сапраўднай жанчынай, адразу з’явілася трывалая сувязь з дзіцяткам. Кожны вечар, кладучыся спаць, я жагнала свой жывоцік, жадала свайму маленству добрых сноў. Зусім па-іншаму стала адчуваць гэты свет, глядзець на сваю штодзённасць. У мяне з’явілася адказнасць не толькі за сваё жыццё, але і за жыццё яшчэ аднаго чалавека. Я прымушала сябе есці, калі нават зусім не хацела, “выцягвала” сябе на шпацыр, слухала класічную музыку і малілася ўслых, каб дзіцятка ад пачатку было далучанага да цудоўнага і галоўнага ў гэтым жыцці. Менавіта таму мяне агортвала роспач, калі ўрач казаў, што не ведае ці захаваецца цяжарнасць. Зараз галоўнае не гэта, а маё жыццё. Гэтыя словы ўразаліся ў свядомасць і моцна ранілі сэрца.

На наступны дзень мяне шпіталізавалі. Маімі суседкамі аказаліся прыемныя дзяўчаты, якія лячыліся ад бясплоддзя. У кожнай была свая гісторыя, гады чакання і няўдалыя спробы зацяжарыць. Аднак яны не здаваліся, працягвалі шукаць адпаведнага лячэння. Яны шчыра прызнаваліся, што па-добраму зайздросцяць майму стану, пыталіся аб тым, што я зараз адчуваю. Мы жартавалі і смяяліся. На нейкі момант я нават забылася, што заўтра мяне чакае аперацыя.

Ноччу, калі мае суседкі спалі, я сядзела на сваім ложку. Было ўжо глыбока за поўнач. Да самага прыгожага каталіцкага свята заставалася ўсяго тры дні. Хутка Езус прыйдзе на гэты свет, запаліць у кожным сэрцы радасць і надзею. А пакуль Марыя чакае. Цікава, што яна адчувала ў апошнія дні сваёй цяжарнасці? Як рыхтавалася да гэтага дня? Ці было ёй страшна?  Напэўна, яна перажывала гэты момант са светлай радасцю і надзеяй. Яна, як ніхто іншы, умела давяраць Богу, спадзявацца на Яго нават у самай крытычнай і безнадзейнай сітуацыі. Такому дзіцячаму даверу павінна навучыцца і я. У мяне абавязкова ўсё павінна быць добра. Марыя, добрая Маці, не пакіне мяне адну, не дапусціць, каб штосьці здарылася са мной ці з дзіцяткам, бо Яна сама Маці. А ў гэты прыгожы перыяд, напоўнены асаблівай любоўю, усё абавязкова будзе добра. На гэтым мае думкі абарваліся і я спакойна заснула.

З самай раніцы мне прынеслі вопратку для аперацыі. Я апранулася ў шырокую кашулю, зняла з сябе ўпрыгожанні, а перад выхадам адгаварыла малітву “Тваёй абароне”. Пасля чаго вырушыла ў аперацыйны пакой. Там мяне ўжо чакалі.

Персанал мітусіўся, рыхтуючы ўсё неабходнае. Я стаяла ў кутку, разглядала аперацыйны стол, які нагадваў мне зоркалёт. Вось я ўжо на стале. Медыцынская сястра прывязвае рукі да стала.

-Навошта гэта? – з цікавасцю пытаюся я.

-Такія правілы. Нічога не бойцеся і расслабцеся, — зазначае жанчына і яе вочы шчыра ўсміхаюцца.

Прыйшоў урач-анестэзіёлаг, даў адпаведныя даручэнні. Праз хвіліну паставілі кропельніцу.

-Палічыце, калі ласка, да дзесяці, — сказаў хтосьці з жанчын.

Лямпа над галавою паволі пачала плысці, а святло стала мяккім і незямным. Здавалася, што мяне зацягвае нейкая іншая рэальнасць, у якой няма турбот і праблем.

Заканчэнне гісторыі будзе ў 4 нядзелю Адвэнту.

Сведка Божай любові

для друку для друку