Калядныя святы – самыя прыгожыя і светлыя: яны дораць адчуванне гармоніі, цяпла і раўнавагі, напаўняюць сэрца сапраўднай любоўю да Бога і людзей, набліжаюць кожнага да цуду. З узростам падаецца, што ў гэтым свеце няма месца для цудаў, жывой прысутнасці Бога. Бог далёка, Ён не чуе нашых малітваў, не бачыць слёз – на жаль, так лічаць многія, расчараваўшыся ў свеце, людзях і шукаючы паратунку ў іншых рэчах. Аднак Бог спрыяе і сёння, знаходзіцца заўсёды побач і дапамагае знайсці выйсце нават з самай крытычнай сітуацыі.
У 2017 годзе са мной здарыўся самы сапраўдны калядны цуд. У пачатку года я не думала, што такая гісторыя можа са мною адбыцца, а ў жыцці ўсё ішло роўна і гладка. Аднак аб усім па парадку…
Дзявочыя мары
Аб чым марыць кожная дзяўчына? Адказ ляжыць на паверхні – стварыць трывалую сям’ю, нарадзіць і выхаваць дзетак. Такія мары ў той час былі і ў мяне. У пачатку 2017 года яны пачалі пакрысе рэалізоўвацца – у мяне быў нарачоны, з якім мы павінны былі праз некалькі месяцаў пабрацца шлюбам. Маё тагачаснае жыццё было напоўнена прыемнымі перадвясельнымі клопатамі: я выбірала сабе сукенку, думала над арганізацыяй свята, вырашала шматлікія пытанні. А па вечарах мы хадзілі ў касцёл на перадшлюбную падрыхтоўку. Я ўяўляла, што хутка маё жыццё зменіцца, у ім з’явіцца новы чалавек, з якім мы пойдзем далей. Гэтыя думкі натхнялі, давалі стымул, матывавалі. І я дачакалася гэтай падзеі. Нягледзячы на тое, што наш дзень быў азмрочаны дрэнным надвор’ем, я адчувала сапраўдную радасць і задавальненне: побач былі самыя родныя і блізкія людзі. Яшчэ адна акалічнасць азмрочыла мой дзень: пасля шлюбу я страціла заручальны пярсцёнак. Аднак праз гадзіну ўпартых пошукаў мая страта была знойдзена. Восенню я даведалася, што чакаю дзіця. Гэтая падзея была сапраўдным святам для мяне. Я круціла ў руках запаветны тэст з двума рыскамі і думала аб тым, як паведамлю цудоўную навіну свайму мужу. Цяжарнасць праходзіла дастаткова складана: быў моцны таксікоз, з якім я не магла нічога зрабіць. Ніякія сродкі не дапамагалі. Але гэта не перашкаджала мне цешыцца цяжарнасцю і новым жыццём, якое расло ўва мне. Я і зараз успамінаю той час. Цяжарнасць робіць кожную жанчыну больш лагоднай, грацыёзнай і прыгожай, дорыць сапраўдную жаноцкасць. Мне вельмі хацелася патрапіць на першае ўльтрагукавое даследаванне, паглядзець на сваё дзіця на вялікім маніторы. І я дачакалася. Урач пільна глядзела на манітор, дыктавала нейкія незразумелыя дадзеныя, а пасля падагуліла, што дзіця развіваецца добра, адхіленняў няма.
Новаўтварэнне
Аднак праз некаторы час урач заўважыла ў мяне невялікае новаўтварэнне. Яна супакоіла, што аперацыя пакуль не патрабуецца. Неабходна толькі пастаянны кантроль. Апошнія словы занепакоілі мяне. Узнікла безліч пытанняў. Ці не пашкодзіць новаўтварэнне цяжарнасці? Ці змагу я вынасіць дзіця? Яны з вялікай хуткасцю раіліся ў маёй галаве і крыху прыгняталі. Наступны ўльтрагук паказаў, што новаўтварэнне павялічылася больш чым у два разы.
Жах і роспач. Роспач і жах. Гэтыя рэчы я адчувала пасля чарговага даследавання. Было страшна страціць дзіця, якое я вельмі чакала. Падавалася, што ўсё гэта страшны сон, які вось-вось скончыцца. Але сон не канчаўся, новаўтварэнне расло і я ў хуткім парадку была шпіталізавана. На твары свайго ўрача я бачыла няпэўнасць, разгубленасць. Ён прыходзіў і шчыра жартаваў з іншымі пацыенткамі, абнадзейваў іх, называў канкрэтныя даты выпіскі. Я ж не мела ніякай інфармацыі. Праз дзень урач прынёс накіраванне на аналіз крыві, каб выключыць анкалогію. Само слова “анкалогія” спужала і занепакоіла. Якая анкалогія? Мне толькі дваццаць пяць. Я маладая і здаровая жанчына. Ноч перад аналізам падавалася бясконца доўгай. Я не змагла заснуць, пазірала ў акно на снежаньскі пейзаж, спакойны і гарманічны. Спакой і гармонія. Гэтых рэчаў мне вельмі не хапала ў тую ноч…
Раніцай я ішла па заснежаным горадзе, углядалася ў вокны шматпавярховікаў, глядзела на цыбатыя ліхтары, якія цягнуліся ўвысь, да неба і аблокаў. Праходзячы ля касцёла, вырашыла зайсці. У цьмяным святле можна было разгледзець яшчэ некалькі постацей людзей, якія прыйшлі ў храм. Я не магла маліцца. Спрабавала пачынаць, збівалася, зноў пачынала. Пасля замаўчала. Пачалася бясслоўная малітва, малітва сэрца. Гаючымі слязьмі яна лілася па маім твары, ачышчаючы душу, пазбаўляючы болю і страху. Мне стала больш спакойна, я адчула падтрымку кагосьці моцнага і бязмежна любячага. Адвэнтовы вянок нагадваў пра тое, што зараз – час чакання і надзеі. Я з надзеяй пазірала на алтар, на абразы святых і Маці Божай. Знаходзячыся ў благаслаўлёным стане, яна не наракала, не абвінавачвала, не дазваляла страху завалодаць яе сэрцам, але поўнасцю даверылася Богу. Павінна даверыцца і я.
Сведка Божай любові
для друку