Цуд на Каляды. Непрыдуманая гісторыя пра цяжарнасць і анкалогію. Ч. 2

Пачатак гісторыі >>

Страх і надзея

У медыцынскім цэнтры я хутка дачакалася сваёй чаргі, здала аналіз. Вярнуўшыся, мне было надзвычай цяжка знаходзіцца з суседкамі. Размовы пра падгузнікі, дзіцячыя цацкі і хваробы наганялі яшчэ больш роспачы. Я нервова правярала электронную пошту, чакаючы выніку аналізу. А яго ўсё не было. Бальнічны калідор падаваўся бясконца доўгім. Некалькі разоў змерала яго крокамі. Пост медыцынскіх сясцёр упрыгожвалі елачкі, цацкі і іншыя навагоднія дэкарацыі. Але адчування свята зусім не было. Толькі апатыя і страх перад невядомасцю. “Не бойцеся!” – у Евангеллі гэтае слова Езус ужывае вельмі часта, звяртаючыся да апосталаў і простых людзей. Аднак я баялася. Вельмі баялася. Мая чалавечая натура ніяк не магла супакоіцца, аддаць праблему ў Божыя рукі. І вось нарэшце на пошце з’явіўся чаканы вынік. Сэрца пачало біцца з вялікай хуткасцю, падавалася вось-вось яно выскачыць з грудзей. А я ніяк не магла наважыцца адкрыць дакумент. Згортвала пошту, думала пра магчымыя варыянты і зноў разгортвала. У рэшце рэшт, сабрала волю ў кулак і адкрыла дакумент. Я не магла паверыць сваім вачам, яшчэ і яшчэ раз перачытвала дадзеныя, праглядала лічбы. А пасля не вытрымала і расплакалася на ўвесь калідор. Аналіз быў станоўчым…

Няўжо ў мяне і сапраўды анкалогія? Урач раздрукаваў дакумент і схаваўся з ім у ардынатарскай. Ён усімі сіламі імкнуўся падтрымаць, знайсці “правільныя” словы, аднак атрымлівалася гэта ў яго няскладна. “Трэба чакаць!” – адзіная рэч, якую ён мне паўтараў. Суседкі па палаце бачылі маю разгубленасць і падаўленасць, імкнуліся падтрымаць рознымі гісторыямі са свайго жыцця. Іх вясёлае шчабятанне было толькі фонам для маіх сумных думак. Я ляжала на ложку, пазірала за акно і чакала нейкага выйсця, правільнага рашэння. Урэшце вырашылі правесці кансіліум. Гэта падзея адначасова і расхвалявала, і абрадавала. Магчыма, штосьці вырашыцца, мне зробяць аперацыю, з’явяцца перспектывы.

Я нясмела зайшла ў ардынатарскую, у якой сядзела некалькі ўрачоў рознага ўзросту. Мой доктар зачытаў вытрымкі з гісторыі хваробы, а мне падавалася, што я знаходжуся на судзе. Вось-вось вынесуць нейкі прысуд. Калі доктар скончыў чытаць, адна з жанчын пачала гаварыць: “Станоўчы вынік не гарантуе анкалогіі. Мы пакуль нічога не ведаем. Аднак новаўтварэнне расце агрэсіўна і хутка, а наш перынатальны цэнтр не валодае дастатковым вопытам у лячэнні такіх захворванняў. Вам неабходна звярнуцца ў анкалагічны цэнтр. Магчыма, там вам дапамогуць.”

Разгубленая і падаўленая, я не памятаю, як выйшла з кабінета. Я чакала зусім іншых слоў, канкрэтнай даты аперацыі. У маёй руцэ была рэкамендацыя звярнуцца ў анкалагічны цэнтр. “Не гарантуе”, “магчыма дапамогуць” – асобныя словы круціліся ў галаве, іх было складана прыняць і ўсвядоміць. А што будзе з дзіцяткам? Новаўтварэнне павялічваецца з кожным днём. Я трачу час. Такі каштоўны і патрэбны. Мне хацелася расплакацца, але я не дазваляла сабе плакаць. Не было сілы нават гаварыць. Увесь час тэлефанавалі родныя, мой тэлефон разрываўся. Я ж не магла сабрацца з сіламі, бо сіл не было на размову. Да мяне ў палату зайшла жанчына, якая таксама прысутнічала на кансіліуме. Яна ўціснула мне ў руку лісток з нумарам свайго мабільнага, пажадала ўдачы і заклікала тэлефанаваць, калі штосьці не атрымаецца. Выйшаўшы на вуліцу, у мяне закруцілася галава ад свежага паветра, якое п’яніла, нагадвала, што побач ёсць жыццё і яно віруе.

Даследванні

Вось я ўжо ў сталіцы. За акном аўто пралятае лёгкі сняжок, горад па-святочнаму ўпрыгожаны. Людзі, закруціўшыся ў шалікі, крочаць па сваіх справах. Як заўсёды мяне захапілі сумныя думкі, страх перад невядомасцю. Я нервова гартаю вынікі дыягностыкі, чытаю і перачытваю дыягназы, ля якіх стаяць пытальнікі. У анкалагічным цэнтры шматлюдна. Пад кожным кабінетам – чарга. Побач – мама, яна маўчыць, толькі нервова пазірае на мяне, час ад часу прапаноўвае вады. Жанчыны ў каляровых хустачках размаўляюць аб нечым. Абедзве яшчэ зусім маладыя. Адзіная адметнасць – у іх няма броваў і вейкаў, а скура бледна-шэрага колеру. А ля акна – жанчына ў інвалідным вазку. Яна цяжка дыхае, увесь час уздыхае і штосьці даводзіць сваім родным. Вось адчыніліся металічныя дзверы і медыцынская сястра выклікала чарговага пацыента. Я нервова пазіраю на людзей. Разумею, што ў свеце шмат болю і цярпення. Раней я аб гэтым моцна не задумвалася. Калі ў чалавека ўсё складваецца добра ў жыцці, ён не задумваецца аб іншых, аб тым, што побач шмат людзей, якія церпяць і пакутуюць. У гэты час мае праблемы падаліся не такімі складанымі і страшнымі, а страх трансфармаваўся ў шчырае спачуванне да кожнага, хто знаходзіцца ў гэтым доўгім калідоры. У чарговы раз расчыніліся дзверы, на гэты раз выклікалі мяне. За сталом сядзела пажылая кабета з патухлымі вачыма. Яна задуменна ўзяла маю гісторыю хваробы, а мне прапанавала прайсці за шырму.

-Апранайцеся. Трэба будзе яшчэ раз здаць кроў, — падсумавала яна.
-Доктар, што ў мяне? Гэта сур’ёзна? – нервова запытала я.
-Выдалім – пабачым. Цягнуць нельга. Усё выдаліць трэба да дваццатага тыдня. Чуеце? Інакш, самі разумееце.

Але я не разумела. Нічога не разумела. Ці проста не хацела разумець і верыць, што ўсё гэта рэальнасць. А што будзе з маёй дачкой? Дарэчы, я яшчэ не ведала пол свайго дзіцяці, але была цалкам упэўнена – я нашу дзяўчынку, дачушку, якой заўсёды марыла заплятаць тугія коскі, купляць стракатыя сукенкі. Аднак ці варта зараз марыць і думаць аб гэтым? Я зноў здала кроў, пасля чаго прыехаў дзядзька і мы паехалі да яго. Цэлую дарогу ён жартаваў, расказваў анекдоты і шчыра ўсміхаўся. Вечарам я пазірала ў акно, якое выходзіла акурат на спартыўны комплекс з мільёнам лямпачак і вельмі чакала раніцы. Як усё нетрывала ў гэтым жыцці. У пачатку года ў мяне былі зусім іншыя клопаты, я рыхтавалася да вяселля, была закахана. І нават падумаць не магла, што канец года будзе азмрочаны сур’ёзнай хваробай. У любы момант усё можа знікнуць. Грошы, слава, дабрабыт, адукацыя – усё гэта часовыя ілюзорныя каштоўнасці. У адну хвіліну можа абарвацца чалавечае жыццё, а разам – і надзеі, і ўяўнае шчасце. Memento mori – памятай пра смерць. Лацінскі крылаты выраз раптоўна прыйшоў у галаву, прымусіўшы задумацца над тым, што ў жыцці з’яўляецца галоўным, а што – другарадным.

Вынікі аналізу былі гатовы. Яны цалкам паўтаралі папярэдні аналіз. Цяпер рэакцыя на гэта была больш спакойнай, бо чалавек прызвычайваецца да ўсяго ў жыцці. Да праблем і цяжкасцей таксама. Я зноў сяджу пад тым самым кабінетам, чакаючы сваёй чаргі, зноў хвалююся і непакоюся.

Доктар зазірнула ў лісток з аналізам. І нарэшце падсумавала:

-Вы цяжарная. Мы вам не зможам разлічыць наркоз.
-А што мне рабіць? У мяне ўжо шаснаццаты тыдзень.
-Такія пытанні вырашае загадчыца аддзялення. Схадзіце да яе.

Працяг будзе ў 3 нядзелю Адвэнту.

Сведка Божай любові

для друку для друку