Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач” быў створаны пра рыма-каталіцкай парафіі Езуса Валадара Сусвету ў Бягомлі тры гады таму.
Ініцыятарам яго стварэння былі жыхары Наваполацка Уладзімір Шчэпін разам са сваёй жонкай Таццянай. У свой час яны сутыкнуліся з праблемай залежнасці ў сваім жыцці, а зараз самі дапамагаюць цвяроза жыць іншым. Як адзначае спадар Уладзімір, у свой час людзі дапамаглі ім, таму зараз яны адчуваць патрэбу аддаць доўг і дапамагчы іншым людзям. І трэба сказаць, гэта ў іх атрымліваецца!
За тры гады праз Цэнтр прайшло больш за пяцьдзясят чалавек, і амаль трыццаць з іх не ўжывае алкаголь. Гэта даволі добры паказчык іх працы. А яшчэ некалькі чалавек, якія яшчэ нядаўна праходзілі тут рэабілітацыю, засталіся працаваць кансультантамі пры гэтым Цэнтры.
Хаця “Светач” і месціцца пры каталіцкай парафіі, у Цэнтры аказваюць дапамогу ўсім незалежна ад веравызнання. Чалавек можа быць, католікам, праваслаўным, пратэстантам, або зусім не верыць у Бога, тут дапамогуць усім. Галоўнае, каб у рэабілітанта было цвёрдае жаданне кінуць піць.
З нагоды трохгоддзя заснавання Цэнтра “Светач”, якое адзначалася ў нядзелю 14 ліпеня, сюды завітала шмат гасцей з Віцебска, Наваполацка, Полацка, Глыбокага, Паставаў, Мінска, Смалявіч, іншых мясцін Беларусі. Гэта былі і тыя, хто прайшоў праз гэты Цэнтр, і сваякі людзей, якім патрэбна дапамога, і іншыя людзі, якім неабыякавая гэта праблема нашага грамадства. Сярод ганаровых гасцей быў і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Паколькі, па словах іерарха, Бог у любой справе павінен быць на першым месцы, святкаванне распачалося са святой Імшы, якую цэлебраваў віцебскі ардынарый. Была і яшчэ адметная падзея ў гэты дзень: перад Імшой айцец Тадэвуш Кавальскі пахрысціў дзіця з гэтай парафіі.
У сваім слове да вернікаў біскуп закрануў тэму ўнутранай свабоды чалавека. Ён звярнуў увагу на парадаксальны на першы погляд факт: чалавек толькі тады па сапраўднаму свабодны, калі ў нечым сябе абмяжоўвае. І тут якраз падыходзіць прыклад з алкаголем: калі не абмежаваць яго спажыванне, то чалавек становіцца не свабодным, а якраз яго рабом.
Дапамагчы ж заставацца ў рамках свабоды нам і дапамагаюць Божыя запаведзі, якія, на першы погляд, у нечым нас і абмяжоўваюць. А абмяжоўвае нас наш унутраны засцерагальнік, які мы называем сумленнем. Іерарх звярнуў увагу на той факт, што ў розных рэлігіях, у розных народаў гэтыя абмежаванні шмат у чым падобныя. Гэта можа сведчыць аб боскай прыродзе чалавека.
Напрыканцы Імшы біскуп блаславіў усіх прысутных.
Пасля Імшы ўсе накіраваліся ў Дом культуры, дзе адбылася асноўная частка сустрэчы. Распачалі яе кіраўнік Цэнтра Уладзімір Шчэпін і біскуп Алег. Падчас сустрэчы праходзілі розныя псіхалагічныя трэнінгі, абмен вопытам, проста цікавыя гутаркі.
Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота
Падрабязнасці з’явяцца на нашым сайце крыху пазней.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




































