Мой блізкі сябар не ахрышчаны. На маю параду прыняць хрост згаджаецца, але не выяўляе ніякай зацікаўленасці да рэлігійнай практыкі, таму наўрад ці стане практыкуючым католікам — хутчэй за ўсё, будзе весці такое ж жыццё, як дагэтуль. Ці варта мне ўсё ж завесці яго ў касцёл дзеля самога абраду, ці, можа, пакінуць усё на дзеянне Духа Святога, каб чалавек сам усвядоміў адказнасць перад сакрамантам?
У гісторыі чалавецтва існуюць так званыя вечныя пытанні, на якія кожнае пакаленне імкнецца знайсці свой адказ, але ніколі ім не задавольваецца, таму працягвае шукаць… Нешта падобнае адбываецца таксама і ў хрысціянстве ў цэлым, і ў асабістым жыцці кожнага верніка. Хоць Бог і аб’яўляе, паказвае нам вельмі шмат, але мы не перастаем задаваць пытанне аб тым, ці правільна разумеем, ці адэкватна праламляецца вялікая Божая праўда праз прызму нашага маленькага жыцця «тут і цяпер»? Што значыць верыць, што значыць быць добрым, што значыць быць хрысціянінам?
Ад самага пачатку існавання Касцёла хрысціяне ставілі перад сабою пытанне аб тым, хто «годны», а хто «нягодны» прыняць Езуса, Бога, веру, сакрамэнты. Асабліва востра гэтае пытанне ставілася тады, калі на фоне кагосьці вельмі руплівага і ахвярнага з’яўлялася асоба, якая не вызначалася асаблівай адданасцю, больш за тое, была далёкая ад ідэалу веры і маралі. На фоне сустрэчы «правільных» і «няправільных», святых і грэшных, ахрышчаных і язычнікаў, веруючых і няверуючых нібы з евангельскіх сцэнаў паўставалі вобразы тых, хто сустракаў Езуса, а натоўп спяшаўся аб’явіць іх нягоднымі і адкінуць.
Нешта падобнае здараецца і ў наш час, калі парог святыні пераступаюць асобы, якія не месцяцца ў агульнапрынятым стэрэатыпе «правільнага», «добрага», «выхаванага», «веруючага», «хрысціяніна», «католіка». Аўтаматычна ў натоўпе «правільных» можа ўзнікнуць спакуса выцесніць «няправільнага» чужынца, які не месціцца ў іх свеце. Добра ведаем, як Езус граміў такое стэрэатыпнае мысленне, вучачы глядзець на кожную асобу ў перспектыве яе паклікання да Божага Валадарства. Кожны можа быць святым. Кожны мае права на яшчэ адзін шанец. Кожнаму належыць права адчыніць дзверы Касцёла — не перастае заклікаць Папа Францішак.
У наш час, пасля ліхалеццяў атэізму, не раз прыходзіцца сустракацца з людзьмі, якія маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра хрысціянства і Касцёл. Яны часам задаюць недарэчныя пытанні, якія могуць абураць, смяшыць ці раздражняць веруючых. І вельмі важна, каб у такія моманты хрысціянін праявіў шчырую любоў, цярплівасць, паспрабаваў зразумець свет гэтай асобы, каб пачаць размаўляць з ёю на яе ўзроўні, узяць яе за руку і павесці на сустрэчу з жывым і праўдзівым Богам у Яго Касцёле.
Такія моманты асабліва важныя, калі вернік сустракае асобу, якая жадае прыняць хрост, узяць шлюб, зайсці ў святыню, але мала што ў гэтым разумее. Ці зможа хрысціянін знайсці ў сабе пакорлівасць і цярплівасць, каб не высмейваць, не судзіць, не перакрэсліваць і не адкідваць такога чалавека, але прыняць яго з тым нямногім, што ён ведае і разумее, і павесці яго да сапраўднага хрысціянскага бачання і разумення?
Трэба прыняць такую асобу як Божы дар, як заданне ад Езуса:
«Вось Я давяраю табе гэтую збалелую душу,
прывядзі яе да крыніцаў Маёй Міласэрнасці»
(гл. «Дзённік» св. Фаўстыны).
Пан Бог часта дае вернікам апостальскае заданне стаць для кагосьці адчыненай і прыгожай брамай Касцёла, брамай Божага Валадарства. Гэтая адкрытасць асабліва важная пры сустрэчы з людзьмі, якія стаяць перад выбарам: прымаць хрост ці не. Ведаючы пра тое, што хрост — гэта брама да ўсяго, што жадае даць нам Бог, гэта першы і найважнейшы крок у Божае Валадарства, нельга казаць прагнучаму: «пачакай», «дарасці», «няхай Бог сам цябе прывядзе», «можна пражыць і без гэтага». Калі Божы Провід звёў нас з такою асобаю, значыць Езус дае нам вялікую ласку стаць для кагосьці мастом і брамай у Божае Валадарства. Таму Касцёл у сваім навучанні не перастае паўтараць словы задання, якое Езус дае кожнаму хрысціяніну: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у Імя Айца і Сына, і Духа Святога» (гл. Мц 28, 16–20). Праз хрост чалавек атрымлівае доступ да ўсіх наступных Божых дароў і сакрамэнтаў, становіцца ўсыноўленым Божым дзіцем, прыналежыць да сям’і збаўленых, становіцца часткай Хрыстовага Цела — Касцёла (гл. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, п. 11, п. 16; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, п. 1279).
Не трэба баяцца, калі Бог ставіць перад намі, хрысціянамі, людзей, якія нам здаюцца слабымі, не дастаткова веруючымі, не падрыхтаванымі, бо яны прагнучыя, хоць і нясмела жадаюць прыняць хрышчэнне, стаць вызнаўцамі Езуса. Хрыстовы Касцёл настолькі мудры, што прывядзе адпаведным чынам такую асобу да сталай веры. Таму, нават калі хтосьці з вернікаў прыводзіць да хросту дарослую асобу, святар хрысціць яе не адразу, а пачынае рыхтаваць яе да гэтага сакрамэнту вывераным вякамі шляхам катэхуменату. Такая асоба прымаецца спачатку ў Касцёл як катэхумен (кандыдат да хросту), і ў суправаджэнні святара яна пачынае паслядоўна праходзіць вызначаныя этапы на шляху да сакраманту і ўваходу ў супольнасць Хрыстовага Касцёла (гл. кан. 843, §1, кан. 849, Кодэкс Кананічнага Права (ККП)).
Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства Касцёл выпрацаваў паэтапную падрыхтоўку дарослай асобы да хросту. Сучасны выгляд гэтага шляху быў выпрацаваны ў часы Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965). Тады з’явілася «Кніга хрысціянскай містагогіі (утаямнічвання) дарослых». Гэты дакумент падрабязна рэгулюе шлях падрыхтоўкі дарослай асобы да хросту. Такая падрыхтоўка мае два ўзроўні. Першы — гэта рэгулярныя размовы са святаром, які ўводзіць катэхумена ў пазнанне хрысціянскай веры (ён працягваецца звычайна каля года). Другі ўзровень — гэта этапы «ўваходжання ў Касцёл», увасобленыя ў заданнях і абрадах, якія на працягу апошніх месяцаў, непасрэдна перад хростам, паступова ўводзяць кандыдата ў таямнічы свет жыцця з Богам.
Другі ўзровень падрыхтоўкі мае вельмі глыбокія і прыгожыя абрады. Першы сярод іх — гэта прыняцце асобы ў шэрагі катэхуменаў, урачыстае пазначэнне кандыдата знакам крыжа. Абрад пачынаецца з таго, што святар афіцыйна ўводзіць такую асобу ў святыню. Падчас спецыяльных малітваў ён чыніць знак крыжа на вушах, вачах, вуснах, плячах кандыдата, кажучы наступныя словы: «Прымі крыж на вочы, каб бачыць яснасць Пана, на вушы, каб чуць слова Божае, на плечы, каб знесці салодкі цяжар крыжа». Адпаведны абрад і малітвы адкрываюць асобу на Хрыста і Яго крыж.
Наступным этапам падрыхтоўкі з’яўляецца прыняцце Евангелля як другога пасля крыжа ключа да таямніцаў веры. Прыняты такім чынам у Касцёл чалавек — гэта ўжо катэхумен, які яшчэ не з’яўляецца ў поўні (сакрамэнтальным) хрысціянінам, але які ўжо пачынае жыць як хрысціянін.
У звычайным рэжыме падрыхтоўкі да хросту катэхумен перажывае ў апошнія месяцы перад Пасхай чарговыя этапы падрыхтоўкі, звязаныя з выкліканнем яго па імені перад Богам і Касцёлам. У гэты перыяд адбываюцца вельмі глыбокія і прыгожыя абрады ўсё большага ўвядзення катэхумена ў таямніцы хрысціянскай веры: урачыстае ўручэнне Малітвы Панскай («Ойча наш…»), а таксама абрад перадачы «Сімвала веры», экзарцызмы. Усе гэтыя і іншыя практыкі скіраваныя на ачышчэнне матывацыі, адносінаў з Богам і бліжнім у катэхумена.
Шлях катэхуменату (падрыхтоўкі дарослай асобы да хросту) звычайна завяршаецца прыняццем сакрамэнту хросту ў пасхальную вігілійную ноч. Калі нішто не перашкаджае, звычайна разам з хростам удзяляюцца яшчэ два сакрамэнты: канфірмацыі (бежмавання) і Эўхарыстыі (першая святая Камунія) (гл. кан. 883, ККП). Гэта асноўныя сакрамэнты ўваходжання ў паўнату хрысціянскага жыцця (гл. кан. 842, §2 ККП).
Здаецца, няма неабходнасці тлумачыць, наколькі свядома і глыбока будзе перажывацца прыняцце хросту дарослаю асобаю, якая прайшла адпаведныя этапы падрыхтоўкі. Таму Касцёл на заканадаўчым узроўні заахвочвае да таго, каб прыняццю хросту абавязкова папярэднічаў перыяд падрыхтоўкі (гл. кан. 843, §2, кан. 851, ККП; Дэкрэт аб місійнай дзейнасці Касцёла Ad gentes, ІІ Ватыканскі Сабор).
Святы Касцёл, разумеючы складанасць розных жыццёвых сітуацый людзей, прадугледжвае самыя розныя магчымасці падрыхтоўкі дарослай асобы Святы Касцёл, разумеючы складанасць розных жыццёвых сітуацый людзей, прадугледжвае самыя розныя магчымасці падрыхтоўкі дарослай асобы да хросту і варыянты прыняцця гэтага сакрамэнту. Напрыклад, у сітуацыі пагрозы смерці патрабаванні да кандыдата на хрост самыя мінімальныя, каб ён толькі шчыра вызнаў праўды хрысціянскай веры і жадаў стаць хрысціянінам (гл. кан. 865 ККП).
Ведаючы пра вялікую разнастайнасць і багацце спосабаў паяднання чалавека з Богам і ў тым ліку пра магчымасць прыняцця хросту, варта даваць такі шанец кожнай асобе. Не трэба баяцца, што хтосьці мае неадпаведную матывацыю, больш жадае абраду, чым веры, задавольваючыся рытуалам, не задумваючыся над яго сэнсам. Шматвяковая гісторыя Касцёла ведае дастаткова прыкладаў таго, што ў Бога няма выпадковых людзей, для Яго няма нічога немагчымага. Нашае чалавечае заданне — не перашкаджаць Хрысту, але прыводзіць да Яго літаральна ўсіх. А Ён, як ніхто, ведае і ўмее даць кожнаму адпаведную матывацыю, разуменне, ачышчэнне і ласку. І хтосьці, нібыта выпадкова прыведзены намі да Бога, зусім не выпадкова можа аказацца тым, хто збавіцца сам і аднойчы дапаможа збавіцца таксама і іншым.
Кс. Андрэй Рылка, ave-maria.by
для друку