Дарагія мамы, ці даўно вы трымалі ў руках звычайную папяровую кнігу? Які твор вы прачыталі апошні раз? Сучасныя тэхналогіі замянілі кнігі на аўдыёпадкасты, рылсы і пасты. Але чытанне – гэта не толькі цікавая, але і карысная справа.
Чаму варта чытаць сваім дзецям і з чаго пачаць? Разгледзім гэта ў нашай рубрыцы.
- Чаму чытаць важна?
Перш за ўсё чытанне – гэта развіццё маўлення і слоўнікавага запасу. Дзеці чуюць новыя словы, а словы складаюцца ў сказы – складаныя канструкцыі, якія рэдка сустракаюцца ў штодзённым побытавым жыцці.
Калі дзіця слухае вершы, казкі і гісторыі, якія чытаюць бацькі, то працуе мозг, развіваецца лагічнае мысленне, памяць і канцэнтрацыя ўвагі. Менавіта ў кнігах дзіця сутыкаецца з навакольным светам, з новымі сітуацыямі і эмоцыямі, а таксама вучыцца ўяўляць, разважаць і марыць.
- З якіх кніг распачаць?
Не трэба чакаць, пакуль дзіця “дарасце да кнігі”. Пачынаць можна літаральна з першых дзён жыцця. Пакуль вашы сын ці дачка зусім малыя, варта чытаць вершы, калыханкі і забаўлянкі.
Прыкладна ад шасці месяцаў да года дзецям становіцца цікава дакранацца да старонак, гартаць іх, разглядаць ілюстрацыі, а часамі цягнуць у рот. Таму звяртайце ўвагу на цвёрдыя пераплёты, кардонныя старонкі, розныя тактыльныя элементы і магчымасць апрацаваць іх пасля нечаканых забруджванняў.
Пасля года дзіця звычайна пачынае паказваць персанажаў, разумець і засвойваць простыя сюжэты. А ўзрост два-тры гады – самы лепшы, каб абмяркоўваць паводзіны герояў, эмоцыі, якія выклікаюць тыя, ці іншыя гісторыі.
- Бацькоўскі прыклад і сумесны час
Каб вашыя дзеці цікавіліся кнігамі, важна, каб кнігі ў сям’і былі. Варта стварыць спецыяльную лакацыю – месца, дзе будуць захоўвацца дзіцячыя кнігі. Старайцеся часамі папаўняць запасы разам у кнігарнях, на выставах, а таксама ў бібліятэках.
У сваім графіку знайдзіце час, а ў кватэры – зручнае месца, каб чытаць разам. І няхай чытанне стане добрым штодзённым рытуалам.
- Абмяркоўвайце кнігі разам
Каб сумеснае чытанне стала цікавай падзеяй і для вас, і для дзіцяці, недастаткова проста чытаць. Выкарыстоўвайце розныя інтанацыі, а калі дзеці навучацца чытаць – можна размеркаваць ролі.
Варта задаваць пытанні кшталту: “Як ты думаеш, што будзе далей?”, “Хто з персанажаў табе падабаецца найбольш?”, “Як ты думаеш, чаму герой паступае менавіта так?” і г.д. А яшчэ вельмі важна тлумачыць незразумелыя і новыя словы.
- Станьце прыкладам для вашых дзяцей
Кажуць, што не трэба выхоўваць дзяцей – яны самі навучацца ад вас. Распачніце чытаць самі, прысвячаючы гэтаму хаця б паўгадзіны ў дзень. Дзеці ўбачаць маміну любоў да кніг і пачнуць таксама цікавіцца кнігамі.
Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!