Пахвалёны Езус Хрыстус! Вітаю вас, дарагія мамы маленькіх і дарослых дзяцей! Сёння мы паразважаем над супольным сямейным часам.
Калі дзіцятка малое, то мама праводзіць з ім амаль 24/7, а тата працуе. Час хутка ляціць, дзіцятка падрастае, ідзе ў садочак, мама выходзіць на працу, сям’я сустракаецца вечарам, і часта кожны займаецца сваімі справамі.
Разгледзім сёння пяць парадаў, як не страціць супольнасць і больш часу праводзіць разам.
- Што? Дзе? Калі? – сямейная рада
Добра праведзены час – гэта запланаваны час. Сям’я – супольнасць розных людзей з рознымі графікамі, рознымі інтарэсамі і захапленнямі. Менавіта таму патрэбна сабрацца разам і абмеркаваць, у які дзень будзе ваш супольны час, як вы будзеце яго праводзіць.
Такія сямейныя рады часам прыносяць нашмат больш, чым проста планаванне. Гэта добрая нагода даведацца, што цікавіць кожнага з чальцоў сям’і, а таксама навучыцца весці дыялог, слухаць адно аднаго і шукаць кампрамісы.
Варта абазначыць таксама, як правільна падрыхтавацца да выбранага тыпу супольнага часу. Напрыклад: хто і калі набудзе білеты на запланаваны канцэрт ці футбольны матч, каго запрасіць у госці, каб пагуляць у настольную гульню, што прыгатаваць для супольнага пікніка ў парку і г.д.
- Якасны час, праведзены з дзіцем
Для кожнага дзіцяці з вашай сям’і вельмі важна штодня прысвяціць 20-30 хвілін якаснага часу. Гэта неабходна, каб лепш разумець сваіх дзяцей, даць ім адчуванне бацькоўскай блізкасці, забяспечыць падтрымкай. Якасны час мае ў сабе тры правілы:
- Вы разам займаецеся тым, чым хоча займацца менавіта дзіця (для гэтага дастаткова задаць усяго некалькі пытанняў: “У якую гульню ты хочаш пагуляць са мной?” “Як бы ты хацеў правесці разам час?” і да т.п.);
- час без гаджэтаў і пераключэння бацькоў на хатнія абавязкі, працоўныя пытанні і г.д.;
- час, калі бацькі знаходзяцца на адной эмацыйнай хвалі з дзіцем.
- Супольная вячэра
Звычайна ўвечары збіраецца ўся сям’я. Гэта добры час, каб разам сесці за стол і павячэраць. На супольнай вячэры кожны чалец сям’і можа распавесці, як прайшоў яго дзень, якія радасці ён перажыў, з якімі цяжкасцямі сустрэўся. Кожны мае свой час і магчымасць выказацца, а таксама атрымаць падтрымку і разуменне з боку сям’і.
Няхай вашыя вячэры будуць не проста момантам спажывання ежы, а часам сапраўднага яднання сям’і.
- Памятай: дзень святы трэба святкаваць
Нядзеля для любой сям’і – асаблівы дзень, прысвечаны Пану Богу і Эўхарыстыі. З малых гадоў важна даць зразумець сваім дзецям, наколькі важны супольны ўдзел у нядзельнай Святой Імшы. Патлумачце сваім дзецям, куды і навошта вы ідзяце, абмяркуйце, што будзе адбывацца ў касцёле, а таксама правілы паводзінаў. Вельмі верагодна, што дзеці будуць паводзіць сябе не так ціха, спакойна і засяроджана, як дарослыя. Але цярплівасць, настойлівасць і штонядзельная перыядычнасць абавязкова дадуць добрыя вынікі.
Каб пазбегнуць мітусні і лішніх сварак, варта рыхтавацца да нядзелі загадзя: прадумаць, што апране кожны чалец сям’і, а каторай гадзіне падняцца, каб паспець на Імшу і не прыехаць у апошні момант, якія рэчы ўзяць з сабой, асабліва, калі дзіця малое.
- Супольная малітва
Ніхто не здольны навучыць дзяцей супольнай малітве, апроч бацькоў. Таму важна прадумаць, калі сям’я збіраецца на малітву, і форму, якая падыдзе ўсім. Вядома, калі дзеці зусім маленькія, супольная малітва не можа быць доўгай. Але з часам дзеці падрастаюць, і можна дадаваць, напрыклад, чытанне Божага Слова, спяваць Літанію або разважаць над стацыямі крыжовага шляху. Касцёл у гэтым кірунку дае кожнаму сапраўднае багацце традыцый, але вельмі важна маліцца сэрцам.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
для друку