Вітаю ўсіх мам. У “Каталіцкім Весніку” мы распачынаем новую рубрыку “Мама – мамам”. Пра каго і для каго яна будзе? Для кожнай маладой мамы: для той, якая чакае нараджэння дзіцяці, і для той, якая ўжо выхоўвае малых.
Быць мамай – вялікі дар… Быць мамай – шмат шчасця і шмат адказнасці. Тут мы будзем разам разважаць над нашай мацярынскай штодзённасцю і імкнуцца зрабіць яе радаснай і цікавай.
Сёння я прапаную вам пяць парадаў маці немаўляткі. Сустрэча са сваім нованароджаным дзіцём – чароўны момант. На свет з’яўляецца новы чалавек – твой сынок або твая дачушка: самае прыгожае і найлепшае дзіцятка ў свеце. Гэтыя шчаслівыя хвіліны памятае кожная мама.
А потым прыходзяць гадзіны выпрабаванняў: бяссонныя ночы, колікі, зубкі і гэтак далей. Як не страціць сябе?
- Ніякага пачуцця віны за “лішні” адпачынак.
У медыцыне першыя тры месяцы жыцця дзіцяці называюць “чацвёртым трыместрам”. Гэта час, калі ўвесь яго арганізм адаптуецца з жыцця ва ўлонні да жыцця ў свеце. А мама ўвесь час яму дапамагае справіцца з гэтай адаптацыяй. Мама стамляецца, і гэта нармальна, а таму нармальна, што мама шмат адпачывае.
Спі, калі спіць тваё дзіцятка, адпачні, калі яно спакойнае і не патрабуе занадта тваёй увагі. У цябе будзе яшчэ шмат часу на турботы і хатнія справы, таму выкарыстоўвай гэтыя “хвілінкі спакою”.
- Знайдзі “свае аўтарытэты”.
У сучасным свеце для мамы немаўляці шмат інфармацыі і парадаў. Часам гэтыя інфармацыя і парады з’яўляюцца палярнымі. Адзін спецыяліст скажа: “Так адназначна трэба рабіць”, а другі: “Так адназначна рабіць не трэба”. Такіх адмыслоўцаў шмат: педыятры, кансультанты па сне, псіхолагі і нават бабулі з дзядулямі. Але прыняцце рашэнняў і адказнасці за іх застаецца толькі за мамай і татам дзіцяці.
Вельмі важна разам з мужам прапрацаваць інфармацыю, абмеркаваць яе і выбраць менавіта “свае аўтарытэты”. Гэта займае шмат часу і высілкаў, але потым робіць бацькоўскае жыццё больш простым.
- Прымай дапамогу.
Часта мама жыве з думкай: “Лепш, чым я, ніхто не зробіць”. Гэтае выслоўе датычыцца амаль усіх сфераў мацярынскага жыцця: хатнія справы, прыгатаванне ежы, набыццё прадуктаў догляд дзіцяці… Мама імкнецца зрабіць усё на свеце, і мама выгарае. Але ж вельмі часта побач з мамай знаходзяцца людзі, якія могуць дапамагчы. У першую чаргу, гэта муж, а разам з ім – сваякі, сябры, розныя службы (напрыклад, няня, клінінг і гд.). Каб атрымаць дапамогу, трэба адказаць для сябе на пытанні: “Якая дапамога мне патрэбная? Хто можа мне дапамагчы? Што зрабіць, каб мне дапамаглі?”
- Маленькія радасці для сябе.
Мама – гэта жонка, жанчына, чалавек. І гэтаму чалавеку таксама патрэбныя хвілінкі радасці. Падумай, а лепш складзі спіс з адказам на пытанне: “Што можа зрабіць мяне шчаслівай?”. Напішы туды самыя дробныя рэчы, напрыклад: цікавая кніга, кубачак кавы, смачная ежа, паўгадзіны ў адзіноце. Рабі штодня тое, што прыносіць радасць менавіта табе.
- Памятай, ты не адна.
У часы трывогі, цяжкасцяў, стомленасці памятай: ты не адна. Побач з кожнай з нас ёсць Пан Бог і Божая Маці – найлепшая Мама. Звяртайся да Іх у малітве. А яшчэ, калі азірнуцца навокал, ёсць тыя, хто цябе падтрымае, паслухае, разам паспачувае і разам парадуецца. Хто гэтыя людзі? – Ты ведаеш сама.
І памятай: пройдзе час – і тваё немаўлятка падрасце.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
для друку