Божае Нараджэнне – час супакою і радасці

Пахвалёны Езус Хрыстус! Шчыра вітаю ўсіх мамаў! Час ляціць вельмі хутка: здаецца, яшчэ ўчора распачаўся Адвэнт, а ўжо сёння мы апынуліся напярэдадні святаў Божага Нараджэння.

Як усё паспець? Ці магчыма паспець усё? І як не перасварыцца, а зберагчы супакой і радасць? Разгледзім пяць практычных парадаў у нашай рубрыцы.

  1. Пазітыўнае падвядзенне вынікаў

Збярыцеся разам усёй сям’ёй і паразмаўляйце. Як прайшоў Адвэнт для кожнага чальца сям’і? Знайдзіце свае маленькія радасці і перамогі. Напрыклад, змаглі прачнуцца на рараты, паўдзельнічалі ў рэкалекцыях, зрабілі добрыя ўчынкі, выканалі пастановы. Гэтыя адвэнтовыя дасягненні можна запісаць і прыгожа аформіць, але самае галоўнае – адкрыць іх і заўважыць.

  1. Божае Нараджэнне – якое яно ў нашай сям’і?

Усе сем’і розныя, і ў кожнай сям’і ёсць свой лад жыцця, свае правілы, свой графік, каштоўнасці і прыярытэты. Таму вельмі важна вырашыць, якім бачыцца свята Божага Нараджэння менавіта для вашай сям’і.

Абмяркуйце дэталі, пачынаючы ад самых вялікіх і важных: ці будзеце клікаць гасцей і якіх? Для каго падрыхтуеце падарункі? Якія стравы будуць на святочным стале? і г.д. і да самых дробных: як упрыгожыць кватэру, якога колеру будуць сурвэткі і інш.

На гэтым этапе важна зразумець: што яшчэ мы можам паспець, а за якія рэчы ўжо не варта брацца.

  1. Што вы распаведзяце пра свята дзецям?

Апроч стварэння святочнай атмасферы, важным з’яўляецца растлумачыць дзецям (а можа, і ўсвядоміць самім) Хто прыходзіць на Зямлю, і чым для чалавека з’яўляецца Яго нараджэнне. Дапамогай абавязкова стануць тэксты Евангелля ад Лукі (Лк 2: 1-20), дзе распавядаецца пра Божае нараджэнне

Таксама падумайце, якія сямейныя традыцыі вы пакінеце дзецям і што яны даведаюцца пра іх. Чаму на стол мы кладзём сена, навошта пакідаем адну талерку пустой, што кажам адно аднаму пры дзяленні аплаткам, якія калядкі спяваюцца за святочным сталом.

Калі ў вашай сям’і няма пакуль традыцый, то самы час іх ствараць, каб потым перадаць дзецям.

  1. Свята Імша – няхай кожнаму знойдзецца свой час

Кульмінацыйным момантам у святкаванні Божага Нараджэння з’яўляецца ўдзел у Святой Імшы. Вядома, ідэальны варыянт, калі на Імшу сям’я ідзе разам. Але ці з’яўляецца ён найлепшым для вашай сям’і? Напрыклад, калі дзіця зусім маленькае, можна пакінуць яго бабулі або па чарзе схадзіць у касцёл. Галоўнае, каб кожны мог быць на Імшы і ўдзельнічаць у Сакрамантах.

  1. Ідэальна не атрымаецца

Вельмі часта здараецца, што быў план, былі мары, але перад самымі святамі здараюцца розныя непрадбачаныя непрыемныя рэчы. Галоўнае, калі штосьці ідзе не так, давяраць сваё свята Пану, імкнуцца захоўваць супакой і не ў якім разе не засяроджвацца на цяжкасцях. Памятайце, што атмасфера любові і ўзаемаразумення ў сям’і – найлепшы падарунак для Нованароджанага Хрыста.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі