6 студзеня ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў Мёрах былі падведзены вынікі выставы малюнкаў і стаенак «Хрыстос нарадзіўся!», якая праходзіла ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з 24 снежня па 6 студзеня. На выставе ў гэтым годзе былі прадстаўлены 53 работы.
Пасля Літургіі адбылося падвядзенне вынікаў выставы. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім дзецям, якія прынялі ўдзел, а таксама іх бацькам за дапамогу ў падрыхтоўцы работ. Дапамога бацькоў не супярэчыць прынцыпам арганізацыі выставы, а наадварот спрыяе ўмацаванню сямейных адносін праз агульную справу. Дзеці, выконваючы разам з бацькамі стаенкі або малюнкі, не толькі вучацца ствараць нешта новае, але таксама праз сумесную дзейнасць глыбей пазнаюць таямніцу Божага Нараджэння.
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў бок выкладчыка мастацкай школы Чарняўскага Баляслава Часлававіча, які паспрыяў удзелу ў выставе работ навучэнцаў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Мастацкая школа прадставіла 31 работу, аўтарамі якіх з’яўляюцца дзеці не толькі з каталіцкіх сем’яў, але і праваслаўных. Некаторыя з іх у гэты дзень прыйшлі разам з бацькамі на падвядзенне вынікаў.
У гэтым годзе на выставе была прадстаўлена рэкордная колькасць работ: 2 стаенкі, 1 выцінанка і 50 малюнкаў. Узрост удзельнікаў ад 6 да 14 гадоў. Хтосьці маляваў самастойна, іншым дапамагалі бацькі ці нехта са старэйшых. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе работы ў большасці адпавядалі тэматыцы свята Божага Нараджэння. Святая Сям’я, Дзіцятка Езус, стайня, анёлкі, Бэтлеемская зорка, наша святыня — вось асноўныя сюжэты малюнкаў.
Радуе, што ёсць дзеці, якія імкнуцца выкарыстоўваць разнастайныя віды мастацка-дэкаратыўнай творчасці. Так Курдутава Агата зрабіла цудоўную выцінанку, а Чарняўская Агата — аб’ёмную аплікацыю. Вылучаліся арыгінальнасцю, акуратнасцю і далікатнасцю выканання стаенкі. Сям’я Вярковіч зрабіла стаенку ў традыцыйным стылі, а Арлюкевіч Дамініка — у выглядзе ёлачнай цацкі.
Усе работы заслугоўваюць ўвагі, бо кожная адметная пэўным мастацкім густам і высокім узроўнем выканання з улікам узросту.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
