11 чэрвеня 2026 года ў гістарычным касцёле св. Антонія Падуанскага ў Паставах сабраліся святары і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі.
Сустрэча пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта і супольнай Літургіі гадзін. Галоўнай падзеяй стала святая Імша на лацінскай мове, якую ўзначаліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
У сваім прывітанні іерарх падкрэсліў асаблівы кантэкст сустрэчы:
«Збіраемся ў сэрцанаў, напярэдадні іх патранальнага свята — Найсвяцейшага Сэрца Езуса. А сёння, ва ўспамін св. Барнабы, даручаем яго заступніцтву нашу душпастырскую паслугу», — звярнуўся біскуп да святароў.
Падчас гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на евангельскае чытанне дня, якое заклікае задумацца над прыродай справядлівасці і Божым пакліканнем.
«Калі чалавек знаходзіць сваё месца ў служэнні, тады Бог праз яго здзяйсняе Сваё служэнне. Няхай будзе для нас знакам, што аднойчы, атрымаўшы пакліканне, мы без перапынку знаходзімся пад Яго апекай. Ён дае нам магчымасць дайсці да канца, каб выканаць волю Таго, хто Яго паслаў», — заклікаў біскуп Алег.
Пасля Імшы з канферэнцыяй перад сабраным духавенствам выступіў а. Аляксандр Жарнасек МІС. Працягваючы разважанні пра дабрабыт і фінансавую адказнасць у кантэксце Юбілейнага года св. Францішка, святар папярэдзіў: «Калі хтосьці нешта прапануе, трэба добра падумаць: ці прымаць яшчэ гэту дапамогу ці ахвяру, каб не быць потым эмацыйна залежным».
У раздзеле аб’яваў для святароў былі агучаны найбліжэйшыя дыяцэзіяльныя мерапрыемствы на лета:
- 9–12 ліпеня – рэкалекцыі цвярозасці ў Браславе;
- 17–19 ліпеня – дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Браславе;
- 31 ліпеня – 1 жніўня – урачыстасці ў Росіцы (на месцы мучаніцкай смерці бласлаўлёных айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча);
- 21–22 жніўня – урачыстасці ў Браславе.
Асобнай нотай сустрэчы стала віншаванне юбіляраў. Біскуп Алег падзякаваў Богу за вернае служэнне тых, хто ўжо доўгія гады нясе святло Евангелля: 25 гадоў святарства адзначае кс. канонік Мікалай Ціхановіч, а 20 гадоў — кс. Уладзімір Заянчкоўскі.
Такія сустрэчы, напоўненыя малітвай, пастырскім словам і жывым абменам думкамі, даюць святарам духоўны імпульс і напамінаюць, што, нягледзячы на выклікі свету, яны ніколі не адзінокія ў сваёй місіі.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
























