Бэнэдыкт XVI і Патрыярх Барталамей моляцца за здароўе Святога Айца

Папа Францішак 4 ліпеня 2021 года перанёс планавую хірургічную аперацыю і знаходзіцца ў рымскім шпіталі Джэмэлі.

“Бэнэдыкт XVI з любоўю скіроўвае свае думкі да Папы Францішка і шмат моліцца за яго”, — сказаў інфармацыйнаму агенцтву Adnkronos асабісты сакратар Пантыфіка-эмерыта арцыбіскуп Георг Генсвайн.

“Братэрскае пажаданне хуткага выздараўлення” скіраваў Францішку і Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. Ганаровы лідар праваслаўнага свету запэўніў Святога Айца ў малітве, спадзеючыся на паспяховы вынік аперацыі і выказваючы пажаданне, як мага хутчэй убачыцца з Пантыфікам зноў, “каб разам выконваць неад’емную місію на карысць адзінства”, да якой кліча Хрыстус.

У гэтым кантэксце Экуменічны Патрыярх нагадаў словы апостала Паўла: “Слабое ў Бога мацнейшае за людзей” (1 Кар 1, 25). “Таямніца Хрыста, памерлага і ўваскрослага, праяўляецца нават у слабасці нашай прыроды, пазначанай грэхападзеннем і нашымі пакутамі, каб Евангелле магло жыць у нас”, — напісаў Барталамей І.

Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку