9 сакавіка, у Першую нядзелю Вялікага посту, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў некалькіх студэнтаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне лектарамі, акалітамі і кандыдатамі да дыяканскага пасвячэння.
Лектарамі і акалітамі сталі адпаведна студэнты трэцяга і чацвёртага курсаў семінарыі, кандыдатамі да пасвячэння – студэнты пятага курса. Урачысты абрад адбыўся ў капліцы семінарыі на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі, у прысутнасці рэктара гэтай навучальнай установы кс. каноніка Віталія Вайцяхоўскага і семінарыйнай супольнасці.
Прызначэнне лектарамі і акалітамі – неабходныя этапы фармацыі, якія дапамагаюць студэнтам семінарыі лепш усвядоміць сэнс будучага святарскага служэння. Яны рыхтаваліся да гэтай падзеі на працягу некалькіх гадоў, непасрэднай падрыхтоўкай сталі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў у семінарыі а. Павел Федаровіч MIC.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі нагадаў семінарыстам, што сапраўднае святарскае служэнне –“ахвяра, у якой мы цалкам даручаем сябе Богу”, нягледзячы на “спакусу зрабіць сваё служэнне толькі знешняй фармальнасцю або шукаць у ім сябе, а не Бога”. Ён дадаў, што, стаўшы лектарамі і акалітамі, яны будуць “памочнікамі ў абвяшчэнні Божага слова і служэнні ля алтара, што патрабуе такой жа рашучасці і пераадолення спакус, як у Хрыста”.
Студэнтам, прызначаным лектарамі, іерарх нагадаў, што яны “атрымліваюць вялікі гонар і адказнасць абвяшчаць Божае слова”, іх сэрцы “павінны быць напоўнены любоўю да гэтага Слова, бо толькі тады яно зможа дакрануцца да сэрцаў слухачоў”. “Божае слова павінна быць не толькі на вашых вуснах, але і ў вашых сэрцах”, – сказаў біскуп.
Увагу семінарыстаў, прызначаных акалітамі, ён звярнуў на тое, што акалітат – першая ступень літургічнага служэння, якая рыхтуе іх да больш поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. “Вы будзеце клапаціцца пра ўсё неабходнае для цэлебрацыі Эўхарыстыі, але гэтая служба мае і глыбейшы сэнс. Яна з’яўляецца знакам поўнай адданасці Богу і Яго народу, – адзначыў біскуп і пажадаў: – Няхай вашы рукі будуць годнымі дакранацца да Святога, а вашыя сэрцы – вартымі несці Хрыста людзям”.
Акаліт, па словах іерарха, становіцца пасярэднікам паміж Богам і людзьмі, яго прысутнасць ля алтара, дапамога ў падрыхтоўцы дароў і клопат пра ўсё, што звязана з літургіяй, – выраз таго, што ён цалкам падарыў сябе Богу.
Семінарыстам, якія сталі кандыдатамі да дыяканскага пасвячэння, біскуп нагадаў, што святарства – “шлях любові і ахвяры, пакоры і служэння”, “не прывілея, а задача”, і паабяцаў, што Касцёл будзе маліцца аб тым, каб яны сустрэлі дзень свайго пасвячэння “з чыстым сэрцам і поўнай адданасцю Богу”.
Іерарх падкрэсліў, што ўсе звязаныя з абвяшчэннем Божага слова і эўхарыстычнай літургіяй абавязкі “трэба выконваць старанна і заўзята, з мужнасцю праўды і моцай веры”. “Літургія – школа малітвы і фармацыі новага чалавека. Гэта перайманне прыкладу Езуса, які “ніколі не спяшаўся”, – сказаў біскуп. – Усё, што набліжае нас да святарства, трэба рабіць з адданасцю на працягу ўсяго жыцця”.
Ён дадаў, што лектары, акаліты і кандыдаты да пасвячэння павінны “дапамагаць усёй супольнасці Касцёла жыць Евангеллем”, павінны “навучыцца прымаць і перадаваць Божую міласэрнасць”. “Гэтае служэнне – не проста фармальнасць, яно заклікае глыбей акунуцца ў таямніцу Божай любові і міласэрнасці” – заўважыў іерарх.
У канцы Імшы лектары, акаліты і кандыдаты да пасвячэння выказалі падзяку Богу за гэтае прызначэнне і іншыя ласкі, атрыманыя на шляху фармацыі, падзякавалі біскупу за давер, які ён ім аказаў гэтым прызначэннем, і папрасілі аб малітве, каб належным чынам падрыхтавацца да будучага святарскага служэння.
