Біскуп Алег Буткевіч наведаў парафію Маці Божай Шкаплернай у Ёдах (+відэа)

Гэта парафія знаходзіцца ў Шаркаўшчынскім дэканаце.

Візіт пастыра дыяцэзіі адбыўся ў нядзелю, 5 сакавіка. Каб сустрэць свайго пастыра, усе вернікі выйшлі з капліцы. Як адзначыла актывістка парафіі Галіна Яблонская: “Сёння для нас вельмі радасная падзея – мы ў чаканні нашага дарагога госця —  біскупа Алега. У 2006 годзе мы вось так сустракалі біскупа Уладзіслава Бліна. А сёння і сонейка свеціць, Божанька з гэтай нагоды дае нам такое добрае сакавіцкае надвор’е.”

Вернікі адзначаюць, што ведаюць біскупа як чалавека ініцыятыўнага, таленавітага. Яны ганарацца тым, што ён адзін з самых маладых біскупаў у Каталіцкім Касцёле.

“Паглядзіце, колькі парафіянаў прыйшло сустрэць свайго пастыра, — працягвае Галіна Яблонская. — Вядома, наша парафія невялікая, але сёння сюды прыйшлі і католікі, і праваслаўныя вернікі, і мясцовая ўлада таксама тут прысутнічае для таго, каб сустрэцца з ксяндзом-біскупам і пачуць ад яго добрыя словы.”

Біскупа сустрэлі цёплымі словамі і хлебным караваем, пасля чаго ардынарый акрапіў вернікаў святой вадой і ўрачыста ўвайшоў разам з парафіянамі ў храм.

Першая Імша ў цяперашняй Ёдскай капліцы адбылася 30 красавіка 1994 года, храм носіць тытул Маці Божай Шкаплернай. А першая капліца ў Ёдах, таксама пад гэтым тытулам, была пабудавана яшчэ да вайны, яе нават не паспелі асвяціць. Пасля вайны новай уладзе храмы былі непатрэбныя, і яе разабралі. А вось абраз з той першай капліцы захаваўся, праўда, ён патрабуе рэстаўрацыі.

Зараз ён знаходзіцца ў плябаніі ксяндза Яна Пугачова.

“Гэты абраз знаходзіўся калісьці ў першай капліцы ў Ёдах, якую ў свой час зруйнавалі. Як мы бачым, ён доўга вандраваў па людзях і вельмі ад гэтага пацярпеў, бо хтосьці не ўмеў яго як трэба захаваць і данесці да нашых дзён,” – распавядае ксёндз Ян.

Святар плануе рэстаўраваць гэтую ікону, каб яна зноў змагла служыць вернікам. А пакуль у капліцы ў Ёдах змешчана копія гэтага абраза.

Пробашчам парафіі ў Ёдах з’яўляецца ксёндз Юры Ноцунь, але зараз ён хварэе, і сюды даязджае ксёндз Ян Пугачоў з Германавічаў. І хаця дарога да Ёдаў няблізкая, святар не адчувае стомленасці. Ён адзначае, што вернікі знаходзяцца тут пад Божай апекай: “Ім Бог дапамагае, Маці Божая Шкаплерная дапамагае, і я не адчуваю вялікай цяжкасці, духоўнай і фізічнай. На гэтым шляху да капліцы можна памаліцца, паразважаць… Самае галоўнае, каб Бог даў сілы і моц.”

У сваім слове да вернікаў біскуп паразважаў над мэтай стварэння Богам чалавека. Ён узгадаў момант, апісаны ў Бібліі, калі сатана ў вобразе змея спакушае жанчыну. Гэты ўрывак гучаў падчас Імшы ў першым чытанні.

Іерарх падкрэсліў, што віна ў першародным граху ляжыць не на жанчыне, як шмат хто лічыць, а на злым духу. Бо ён выбраў жанчыну таму, што на ёй ляжыць вялікая адказнасць. Д’ябал хоча праз чалавека знішчыць створаны Богам свет, і наша задача – не паддавацца на гэтыя спакусы.

Іерарх звярнуў увагу на вялікую колькасць самагубстваў у нашай краіне, што сведчыць аб тым, што людзі губляюць сэнс свайго жыцця. А сапраўдны яго сэнс можна знайсці толькі ў веры.

“Бог стварыў чалавека для шчасця, — падкрэсліў біскуп, — гэта вынікае з Бібліі. Але ён стварыў нас істотамі са свабоднай воляй, і ад нас саміх залежыць, быць шчаслівымі ці не.”

Казанне біскуп праводзіў у форме дыялога з вернікамі, таму, хаця яно і працягвалася больш за паўгадзіны, ніхто не адчуў стомленасці.

Напрыканцы Імшы словы падзякі высокаму госцю выказалі дзеці і моладзь парафіі.

Біскуп падзякаваў усім прысутным за сумесную малітву, за падрыхтоўку гэтай сустрэчы. Ён высока ацаніў прысутнасць на богаслужэнні прадстаўнікоў мясцовай улады, адзначыўшы, што і Касцёл, і свецкая ўлада робяць адну добрую справу – служаць для дабра людзей.

Іерарх удзяліў вернікам біскупскае блаславенне, а пасля асобна блаславіў дзяцей і моладзь парафіі, з якімі сустрэўся пасля Імшы.

Потым біскупа Алега запрасілі на гарбату ў мясцовую бібліятэку, дзе ён сустрэўся з актывам парафіі ў Ёдах. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі цікавы даклад па гісторыі сваёй парафіі і выказалі надзею, што яна і надалей будзе развівацца, каб служыць справе яднання людзей з Богам.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку