Біскуп Алег Буткевіч асвяціць абраз Маці Касцёла для віцебскай парафіі

Маці Касцёла

11 лістапада 2024 года ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску падчас святой Імшы ў 18.00 адбудзецца асвячэнне абраза Марыі, Маці Касцёла. Абраз напісаны мастачкай Алінай Трукан у жніўні 2024 года алеем на палатне, памер выявы складае 120 на 90 сантыметраў. Асвячэнне абраза здзейсніць Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Абраз Марыі, якую мы сёння ведаем як «Mater Ecclesiae», паўстаў на калоне ў старажытнай Канстанцінаўскай базіліцы на пачатку XV стагоддзя і на працягу стагоддзяў быў вядомы як «Мадонна Калонны».

Першая базіліка была пабудавана ў 326 годзе падчас праўлення першага хрысціянскага імператара Канстанціна. Алтар першай базілікі быў размешчаны над магілай, якая з ІІ стагоддзя лічылася пахаваннем святога Пятра, што прыняў мучаніцкую смерць у 66 годзе.

Разам з месцазнаходжаннем алтара ў новым Саборы святога Пятра, пабудаваным на пачатку XVІ стагоддзя, што існуе да нашага часу, захаваліся і шматлікія элементы з папярэдняй старажытнай Канстанцінаўскай базілікі. Вакол калон з выявай Маці Божай у другой палове XVІ стагоддзя паўстаў алтар, які быў упрыгожаны каштоўным мармурам і прыгожымі алебастравымі калонамі, спраектаваў яго знакаміты італьянскі скульптар Джакама дэла Порта.

Тытул «Mater Ecclesiae» быў нададзены Папам Паўлам VI у 1964 годзе напрыканцы ІІІ сесіі Другога Ватыканскага Сабору. Галоўным абгрунтаваннем тытула «Маці Касцёла» з’яўляецца Божае мацярынства Марыі і праўда пра Касцёл як Містычнае Цела Хрыста.

21 лістапада 1964 г. Другі Ватыканскі Сабор абвясціў Дагматычную канстытуцыю «Lumen gentium». У гэты дзень Папа цэлебраваў святую Імшу разам з 24 біскупамі з найбуйнейшых марыйных санктуарыяў свету. Павел VI праз урачыстыя словы: «абвяшчаю Марыю Маці Касцёла», — устанавіў новы марыйны тытул – «Маці Касцёла».

Свята Марыі, Маці Касцёла, адзначаецца на наступны дзень пасля нядзелі ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, што перадае неверагодны сэнс і сімволіку тытула, — паказвае мацярынскі клопат Марыі над Касцёлам, які толькі нараджаецца і, які трывае да нашага часу. Марыя непарыўна звязана з Касцёлам праз Божае мацярынства, Яна прабывала ў малітве з апосталамі падчас Пяцідзясятніцы і апякуецца іх наступнікамі на працягу ўсёй гісторыі яго існавання да нашых дзён. Марыя з’яўляецца Маці ўсяго Касцёла, але таксама Маці кожнага з нас, членаў Містычнага Цела Хрыста.

У 1980 годзе падчас Міжнароднага кангрэса і сустрэчы студэнтаў у Ватыкане, адзін з яе ўдзельнікаў задаў пытанне Яну Паўлу ІІ пра адсутнасць на плошчы святога Пятра выява Маці Божай. Гэтае пытанне мела свае наступствы — Папа даў наказ, змясціць выяву Багародзіцы. Першапачатковы праект быў прадстаўлены Opus Dei і часткова выкананы іспанскім архітэктарам Хаўерам Катэла, аднак ажыццяўленню праекта перашкодзіў замах на жыццё Папы 13 мая 1981 года.

Калі Ян Павел ІІ вярнуўся ў Ватыкан пасля першай шпіталізацыі ў паліклініцы Джэмелі, была вывучана новая магчымасць размяшчэння бачнага знаку на плошчы святога Пятра, месцы, каб увекавечыць балючую старонку ў гісторыі Касцёла, але таксама каб падкрэсліць знак нябеснай апекі Марыі. Ян Павел ІІ быў перакананы, што гэта Маці Божая выратавала яго падчас замаху, таму паўстала ідэя размяшчэння марыйнай мазаікі ў замурованым акне Апостальскага палаца на плошчы святога Пятра па вобразу фрэскі Марыі, «Mater Ecclesiae».

Мазаіка была ўсталявана ў перыяд з лістапада па снежань 1981 года, праз шэсць месяцаў пасля замаху. 8 снежня 1981 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Ян Павел ІІ перад малітвай “Анёл Панскі” асвяціў мазаіку Багародзіцы.

Марыя, Маці Касцёла з’яўляецца апякункай Віцебскага катэдральнага капітула.

кс. канонік Сяргей Сурыновіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі