Асвячэнне адбылося ў нядзелю 19 мая пасля Імшы ў капліцы.
Пяць гадоў таму, 17 мая 2014 года біскуп Алег здзейсніў асвячэнне самой капліцы. Хаця больш правільна назваць яе касцёлам, бо гэты храм вельмі прыгожы і даволі вялікі.
Парафіяне разам з новым пробашчам кс. Віталём Бяленікам сустрэлі біскупа перад уваходам у святыню. У якасці госця на ўрачыстасць прыбыў пробашч суседняй парафіі ў Крулеўшчыне кс. Юры Бараўнёў.
Ва ўступным слове біскуп звярнуў увагу, як хутка ляціць час. Здаецца, зусім нядаўна ён асвяціў гэты храм, а ўжо мінула пяць гадоў. Адметна, што абрад асвячэння біскуп Алег здзейсніў у першы год свайго біскупскага служэння.
У сваім слове да вернікаў біскуп Алег звярнуў увагу на важнасць веры ў нашым жыцці, ён заклікаў захоўваць адзінства хрысціянаў, нягледзячы на розныя канфесіі. “Каб нам вярнуцца да нармальнага жыцця, трэба як хутчэй атрэсціся ад камуністычнай ідэалогіі,” – падкрэсліў іерарх.
Ён таксама звярнуў увагу на важнасць любові ў нашым жыцці: любові да Бога, да свайго блізкага, да ўсіх людзей. Менавіта любоў павінна быць галоўнай каштоўнасцю ў нашым жыцці.
Напрыканцы богаслужэння ксёндз Віталь коратка ўзгадаў гісторыю парафіі ў вёсцы Зашчэсле. Менавіта такую назву насіла вёска да 1964 года, калі была перайменавана ва Ураджайную. Першы касцёл тут быў збудаваны ў 1857 годзе. Але прастаяў ён нядоўга, быў зачынены і разабраны царскімі ўладамі.
Другі касцёл быў збудаваны ў 1902 годзе. Але і яго напаткаў трагічны лёс: ён быў разабраны камуністычнымі ўладамі напачатку 60-х гадоў у часы ваяўнічага атэізму.
Ужо напачатку ХХІ стагоддзя вернікі распачалі будаўніцтва новай святыні, якая была асвечаная ў 2014 годзе. Касцёл збудавалі манахі ордэна капуцынаў, выкарыстаўшы сцены былой калгаснай сталовай. Кіраваў будоўляй айцец Марэк Пасют, які працаваў у Докшыцкім дэканаце. Архітэктар і мастак Валерый Шчасны з Верхнядзвінска распрацаваў праект святыні, ён жа аздобіў касцёл унутры.
У храме змешчаная адзіная ў Беларусі Дарога Святла — чатырнаццаць абразоў, якія змешчаныя пад Крыжовай дарогай і прадстаўляюць падзеі ад Уваскрасення Хрыстова да Спаслання Духа Святога.
На заканчэнне святой Імшы вернікі памаліліся Літаніяй да Маці Божай, уславілі Бога гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем”, а потым урачыстай працэсіяй вырушылі на могілкі, на якіх захаваліся падмуркі былога касцёла. Менавіта на гэтым месцы і быў устаноўлены прыгожы металічны крыж, які і быў асвечаны.
А закончылася ўрачыстасць пачастункам у будынку вясковага клуба. Дарэчы, шмат каму з вернікаў пашанцавала ў тым, што біскуп паліваў ім перад абедам ваду для абмывання рук. “Калі ў вас яшчэ будзе такая магчымасць”, – пажартаваў іерарх.
А потым вернікі зрабілі сумесны здымак разам са святарамі перад уваходам у святыню.
Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, відэа
Больш здымкаў тут
для друку