Беларускі рух сужэнскай духоўнасцi END (Equipes Notre-Dame) адзначыў свой 20-гадовы юбілей

Сёлета беларускі рух сужэнскай духоўнасцi END (Equipes Notre-Dame) адзначыў свой 20-гадовы юбілей. Як вынікае з назвы, яго гісторыя распачалася ў Парыжы.

Святар прыносіць – дактрыну, сужэнцы – досвед. З нагоды 20-годдзя ўзгадваем рух сужэнскай духоўнасцi END

У 1938 годдзе за парадай да айца Генры Каафарэля звярнулася адна замужняя жанчына. Святар пажадаў бачыць яе разам з мужам, для больш плённай працы над іх духоўным жыццём. Потым яны запрасілі сяброў. У выніку ў кватэры адной з гэтых пар сабраліся чатыры сужэнствы. Сустрэчы сталі рэгулярнымі. Паступова пары ўсвядомілі, што іх сумесная праца са святаром выглядае, як лучнасць двух сакрамантаў: святарства і шлюбу. Святар прыносіць — дактрыну, сужэнцы —  досвед, і гэта злучэнне з’яўляецца вобразам любові, якая яднае Хрыста з Яго Касцёлам.

Рух хутка распаўсюдзіўся ў Францыі, Бельгіі і Швейцарыі, а затым па ўсёй Еўропе, Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.

Першае знаёмства беларускіх католікаў з міжнародным рухам END адбылося ў Дзяржынску ў 2004 года падчас рэкалекцый «Сужэнская духоўнасць». Духоўныя практыкаванні праводзілі ксёндз-доктар Анджэй Прыба і пара эндаўцаў з Польшы Малгажата і Іоахім Гжонкі. На гэтую сустрэчу з’ехаліся трынаццаць сужэнстваў з Дзяржынска, Клецка, Лагойска, Нясвіжа і Стаўбцоў. Ужо праз месяц адбылася самая першая беларуская сустрэча ў Клецку.

Сёлета святкаванне 20-годдзя END адбылося ў верасні ў Нясвіжы. На сустрэчу прыехалі 150 чалавек. Святую Імшу ў касцёле Божага Цела цэлебраваў арцыбiскуп Мінска-Магіўлёўскай архідыяцэзіі Юзаф Cтанеўскi.

Міжнародны рух END складаецца з вялікай колькасці суполак, якія аддалі сябе пад апеку Божай Маці. Гэта суполкі пар, якія імкнуцца да сапраўднага хрысціянскага жыцця, а Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і. Звычайна суполка налічвала ад 4 да 7 сужэнстваў. Адна з пар становіцца адказнай за ўсю групу.

Удзельнікі ладзяць штомесячныя сустрэчы, падчас якіх моляцца адзін за аднаго, дзеляцца жыццёвымі клопатамі, разважаюць над сваім духоўным жыццём. «Размовы, якія не адбываюцца ў прысутнасці Бога, могуць лёгка стаць павярхоўнымі: пачуцці кіруюць розумам, сэрцы адпрэчваюць праўду, якая патрабуе пераменаў», — сцвярджаюць прадстаўнікі беларускага руху END.

Цікава, што кожная суполка можа аддаць сябе пад апеку нябеснага заступніка. Прадстаўніца яшчэ зусім маладой суполкі руху END Галіна Руткоўская распавядае пра выбар патрона такім чынам:

«Калі 11 чэрвеня 2023 года была афіцыйна створана наша суполка, то ўзнікла пытанне: імя якога апекуна яна будзе мець? На той час імёны вядомых нябесных заступнікаў узялі іншыя суполкі. Наш духоўны дарадчык ксёндз Павел Врубель прапанаваў нам бласлаўлёнага Мечыслава Багаткевіча. Пазнаёміўшыся з яго біяграфіяй, мы з радасцю згадзіліся, бо яго жыццё ў пэўныя моманты было звязана з Палессем і з Пінскам. Ён вучыўся ў Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі, а таксама служыў у Лунінцы. У нашай катэдры ёсць і абраз бласлаўлёнага Мечыслава Багаткевіча. Мы нават маем і майкі з яго выявай».

Мэта суполак — дапамагчы парам ва ўсёй паўнаце перажываць сакрамэнт сужэнства. Пары ўступаюць у суполкі ў пошуках дапамогі. Аднак яны не вызваляюцца ад уласных намаганняў. Каб скіраваць іх на правільны шлях і падтрымаць, рух патрабуе ад іх распрацоўкі асабістых правілаў жыцця, штодзённай супольнай малітвы разам у сямейным коле, штодзённага чытання малітвы суполак у еднасці з усімі сужэнствамі руху, практыкавання штомесячнага абавязку «сужэнскай размовы», разважання ў сужэнстве над тэмаю, узнятаю суполкаю ў бягучым месяцы, чытання рэдакцыйнага артыкула Ліста суполак Маці Божай, штогадовага ўдзелу ў закрытых рэкалекцыях, штогадовага ахвяравання, а таксама практыкаваць аскезу і рэгулярна чытаць Святое Пісанне.

Навічкі праходзяць этап фармацыі, які называюць «пілатаваннем». Яго праводзіць вопытныя ўдзельнікі руху. Правілаў шмат, але сужэнцы перамагаюць страх і далучаюцца да руху END. Тысячы сямейных пар па ўсім свеце, натхнёныя адным ідэалам і выкарыстоўваючы аднолькавыя метады, размаўляючы на ​​розных мовах і паходзячы з розных краінаў свету, адкрываюць праз сваё сужэнства бясконцую любоў Бога.

Аляксандра Шпілеўская

Фота: Instagram

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі